miram: (Default)
[personal profile] miram
Фрыдрых Шылер, пераклад Юркі Гаўрука.
(Нямецкі арыгінал.)

ІВІКАВЫ ЖУРАЎЛІ

Балада

Элада песнямі багата.
Наладжвалі ў Карынфе свята,
І да істмійскіх берагоў
Спяшаўся Івік, друг багоў.
На подзвіг музамі натхнёны,
Пакінуўшы свой родны дах,
Ішоў пясняр благаславёны
З кіёчкам лёгкім у руках.

Ужо відзён на радасць воку
Акракарынф непадалёку,
І Пасейдонаў бор стары
Раскінуўся каля гары.
Даверлівы, з душою шчырай,
Ён увайшоў пад засень хвой;
Ляцелі жураўлі у вырай
Высока ў небе чарадой.

"Крылатыя, я вас вітаю!
Адкуль вы і з якога краю?
Далі багі нам роўны лёс:
Прастор зямлі і шыр нябёс.
І хоць чужая тут мясціна,
Не сумняваюся, аднак,-
Сустрэнуць грэкі нас гасцінна,
З'яўленне ваша - добры знак".

Пясняр далей пакрочыў шпарка,
У ясных думках хоць бы хмарка.
І раптам што ж ён бачыць? Жах! -
Забойцы два вартуюць шлях.
Нядоўгае было змаганне,
Кіёчак выпаў з кволых рук, -
Умеў ён праслаўляць каханне,
Але не ўмеў нацягваць лук.

Пясняр крычыць, пясняр галосіць,
Заступніцтва у неба просіць,
Людзей ён кліча... Ні душы.
Лунае водгулле ў глушы.
"Няўжо я тут адзін, забыты,
Расстануся з жыццём сваім,
Рукою подлаю забіты
І не адпомшчаны нікім?"

Упаў, абліўшыся крывёю,
Ды чуе шум над галавою.
І прыпадняўся ён з зямлі:
Ляцяць у вырай жураўлі.
"О жураўлі, за сведак будзьце,
Зірніце з неба ў цёмны бор,
Майго малення не забудзьце!" -
Сказаўшы гэта, ён памёр.

Назаўтра людзі труп нябогі
Знайшлі ў кустах каля дарогі.
І верны друг яго пазнаў:
"Ды гэта ж Івік! - ён сказаў. -
Ці ж не цябе вянком сасновым
Я спадзяваўся увянчаць?
Ляжыш ты бледны і суровы,
І струны звонкія маўчаць".

Бяда як бура наляцела.
Вось у Карынф прыносяць цела,
І засмуціўся кожны грэк,
Паэта страціўшы навек.
І людзі самых розных станаў
Адной нянавісцю гараць,
Бягуць у гневе да прытанаў,
Каб душагуба пакараць.

Але дзе ён, той вінаваты,
Той звер, той вырадак пракляты,
Як адшукаць яго сляды? -
Гасцей сышлося шмат сюды.
Таемны вузел хто развяжа?
І хто ён, гэты ліхадзей?
Хіба мо Геліяс адкажа,
Адвечны сведка ўсіх падзей.

Ён, можа, зараз тут гуляе
І бесклапотна паглядае
На растрывожаны народ,
Смакуючы забойства плод?
Мо за ахвярай новай сочыць
Ці ў храм зайшоў, каб грэх сагнаць?
Альбо ў тэатр нахабна крочыць,
Каб месца лепшае заняць?

Цякуць з усіх канцоў, як рэкі,
На свята Пасейдона грэкі.
Амфітэатр шуміць, гудзе,
І не праціснешся нідзе.
Трашчаць падпоры, гнуцца лавы,
Народ сядзіць плячо к плячу.
Пара пачаць паказ цікавы,
Даць адпачынак гледачу.

Мужы з прыморскае Аўліды,
Са Спарты, з сонечнай Факіды,
З Афін, з Эгейскіх астравоў
Праз два гады сышліся зноў,
І нават з Азіі далёкай
Сёй-той на фэст прыплыць паспеў.
І вось у цішыні глыбокай
Пачуўся таямнічы спеў.

Паводле звычаю старога,
Павольным крокам, важна, строга,
З падземных нетраў на прастор
Выходзіць чарадою хор.
Маркотных духаў рой пахмуры
Спраўляе трагедыйны чын,
Плывуць гіганцкія фігуры
Дзівосна-жудасных жанчын.

На кожнай плашч чарней ад ночы,
Гараць агнём пякельным вочы,
Смяротны колер на шчацэ,
Дыміцца факел у руцэ;
На галаве убор агідны:
Як сотні страшных паясоў,
Віюцца змеі і яхідны
У пасмах дзікіх валасоў.

Снуюцца здані карагодам,
Спяваюць гімн перад народам,-
Мелодыя грыміць, плыве,
Бунтуе розум, сэрца рве.
Эрыній спеў бяду вяшчае,
Бы ўзмах нябеснага мяча.
Тэатр маўчыць, і выступае
Халодны пот у гледача.

"Шчаслівы ты, калі бязвінны,
Кранаць цябе мы не павінны!
Жыві сабе і не грашы,
Захоўвай чыстату душы.
А вы, забойцы, ліхадзеі,
Дрыжыце, блізіцца ваш час,
Адкіньце ўсякія надзеі,
Мы, духі цемры, зловім вас!

Вам не ўцячы ад пакарання,
Ні плач, ні енк, ні пакаянне
Не выратуюць вас ад мук,
Не вырвацца вам з нашых рук!
Нястомныя, услед за вамі
На крылах помсты мы ляцім,
І нават у магільнай яме
Мы вам спакою не дадзім".

Танцуе духаў рой імклівы;
І слухае народ маўклівы,
Вачэй не зводзячы з пачвар,
Працяжны спеў іх, поўны чар.
І, пакружыўшыся па сцэне,
Яны канчаюць свой абрад;
У чорных лёхах сутарэння
Знікае зданяў доўгі рад.

Між грознай праўдай і маною,
Усхваляваная ігрою,
Нямее думка, паўшы ніц
Перад навалай таямніц,
Перад той сілаю жахлівай,
Што сэрца чулае гняце
І, прытаіўшыся, цярпліва
Цянёты грэшнікам пляце.

І вось пачулі раптам госці,
Як нехта крыкнуў на памосце:
"Глянь, Івікавы жураўлі!"
На неба хмары наплылі,
Падзьмуў Барэй, стары вятрыска,
Вячэрнім холадам з далін,
І над тэатрам нізка-нізка
Пранёсся жураўліны клін.

"Што? Івік? Хто прамовіў гэта?"
Імя любімага паэта
Зноў абудзіла боль і жаль.
І шэпт пайшоў, як плёскат хваль.
І кожны хмурыцца сурова;
Пытае ўзрушаны народ:
"Што азначае гэта слова
І гэтых птушак пералёт?"

І тут жа здагадаўся кожны,
Што праўды шлях непераможны
Ў жыццёвай жорсткай барацьбе:
Разбойнік выдаў сам сябе.
"О духі помсты, ваша ўлада! -
Вы дачакаліся свайго.
Хапайце, валачыце гада
І з ім хаўрусніка яго!"

Як слова вылецела трапна!
Збялелі твары іх як вапна,
І ад страшэннае віны
Не адмаўляліся яны.
Народ падняўся, валіць валам:
"Трымаць, вязаць, забойцы тут!" -
І стала сцэна трыбуналам,
І вынесены быў прысуд.
If you don't have an account you can create one now.
HTML doesn't work in the subject.
More info about formatting

December 2025

S M T W T F S
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28 2930 31   

Style Credit

Expand Cut Tags

No cut tags
Page generated Jan. 3rd, 2026 04:32 am
Powered by Dreamwidth Studios