Dec. 21st, 2007

miram: (Default)
У 1995 годзе ў нарысе нэаклясычнай артаграфіі, што склаў Вінцук Вячорка -- "Правапіс. Спроба сучаснае нармалізацыі" (Спадчына, 1995, № 5, сс.247-288) -- быў, сярод іншага, такі пасаж (с. 255-256):

2. Канцавыя спалучэньні зычных з апошнім санорным в у беларускай мове немагчымыя, і запазычаньні з такімі канцавымі зьбегамі граматычна афармляюцца так, каб пасьля зьбегу йшоў галосны: рэзэрвы -- толькі ў множным ліку (падобна як кансэрвы, прэсэрвы); расейскаму "быть в резерве" адпавядае быць рэзэрвовым; нэрвы -- у форме жаночага роду нэрва; сэрвус (гіст.) -- захоўваецца лацінскі канчатак (магчымае таксама афармленьне на францускі ўзор: сэрф). Спартовы й музычны тэрмін drive (па-ангельску вымаўляецца [draiv]) мэтазгодна захоўваць у лацінкавым напісаньні арыгіналу. У вытворных словах пасьля зьбегу зычных абавязкова йдзе галосны: нэрвовы, рэзэрвовы, драйвэр.


Мінулася 10 гадоў, і "Беларускі клясычны правапіс" 2005 году (той жа Вячорка -- адзін з чатырох аўтараў) упэўнена канстатуе (§ 27, заўвага Г, сс. 47-48):

Неўласьцівае беларускай мове канцавое спалучэньне “зычны + [v]” рэалізавалася ў спалучэньні “зычны + в + галосны”: драйва, нэрва, рэзэрва, рэйва; кансэрвы, нэрвы, прэсэрвы, рэзэрвы, сэрвы. Адпаведна афармляюцца й вытворныя словы: драйвавы, кансэрвавы, нэрвовы, прэсэрвавы, рэзэрвовы, рэйвавы.

Ва ўласных назовах згаданае спалучэньне перадаецца бязь зьменаў: Ярв (Järv).


Тое, што тае "драйвы" я ні разу ня чуў, яшчэ мала што значыць: ні з музыкамі, ні пагатоў са спартоўцамі я блізка не ваджуся. Але вось і стары рокер [livejournal.com profile] tomat (з днём нараджэньня, дарэчы!) засьведчыў, што заўсёды гэтае слова чуе толькі ў мужчынскім родзе -- [драйф], а ніколі ў жаночым -- [дрАйва].

Гэта наводзіць на думку, што цяперашні час, у якім стаіць дзеяслоў "рэалізавалася" ў папярэдняй цытаце, мае адмысловую сэмантыку, не апісаную акадэмічнай граматыкай. Па-ангельску яе можна было б азначыць як Wishful or Legislative Present, на лаціне -- Praesens Desiderativus seu Legislativus, а як па-беларуску -- акрамя хіба "цяперашняга прэскрыптывісцкага" -- не дабяру розуму.

(Асобна не магу не адзначыць магічную сілу катэгорыі ўласнага назову, якая робіць немагчымае магчымым. Музычны стыль называецца "рэйва", бо неўласьцівае спалучэньне [йв] рэалізавалася ў больш уласьцівым [йва]; аднак прозьвішча Rave (напрыклад, John Rave -- заснавальнік сэкты Native American Church) як уласны назоў застанецца ўсё ж у выглядзе "Рэйв". Што фанэтыка забараняе сваім, тое дазваляе чужым -- чымсьці гэта нагадвае адпаведную палітыку савецкай улады. Ці адносіцца да ўласных назва фільму Rave і як яе ў такім разе пісаць -- загадка, якая, мабыць, застанецца наступным пакаленьням.)

December 2025

S M T W T F S
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28 2930 31   

Style Credit

Expand Cut Tags

No cut tags
Page generated Jan. 10th, 2026 09:36 am
Powered by Dreamwidth Studios