miram: (Default)
[personal profile] miram
Смоляр -- заходнебеларускі камуніст, падпольшчык з вялікім стажам. Апынуўшыся ў менскім гета, ён ужо ў першыя месяцы стварыў з таварышамі падпольную арганізацыю. Неўзабаве на іх выйшла яшчэ адна падпольная гетаўская група, пад кіраўніцтвам Фельдмана, партызана часоў грамадзянскай вайны. Смоляр прыйшоў да іх, расказаў пра сваю дзейнасць і пачуў у адказ нечаканае пытанне:

"Што гэта значыць -- вы стварылі арганізацыю? Хто даў вам права на гэта? Хто даваў вам загад ствараць арганізацыю?" [с. 41]


Сякое-такое супрацоўніцтва пачалося, але аб'яднанне адбылося не адразу:
Неўзабаве, калі я паведаміў Фельдману, што і мы цяпер кантактуем з "тым бокам" і што там таксама "нешта робіцца", ён зразумеў гэта так, што, маўляў, нашая арганізацыя атрымала "блаславенне зверху". І толькі тады нарэшце згадзіўся структураваць сваю групу разам з сувязнымі ў ячэйкі па дзесяць чалавек і гэткім чынам увайсці ў агульную падпольную арганізацыю. [с. 41]
Але на "тым баку" сітуацыя была аналагічная. Смоляр апавядае пра сваю першую сустрэчу па-за межамі гета з кіраўнікамі падполля ў "арыйскай зоне" -- "Славікам" ("Пабядзітам", сапр. Ісаем [Ешуа, Егошуа] Казінцом) і Лолай Равінскай:
Я сцісла распавёў пра становішча ў гета, падкрэсліўшы, што нам вельмі патрэбная падтрымка "рускага боку", бо іначай нам бадай не выратавацца. І вось надышла пара першага Славікавага пытання. Яно аказалася амаль слова ў слова тым жа, якое задаваў мне Навум Фельдман: "Ад каго прыйшла дырэктыва стварыць вашую арганізацыю? Хто вызначыў задачы, якія вашая група прыняла ў якасці праграмы дзеянняў?"

Замест адказу я міжволі схапіўся за сэрца, чым проста-такі напалохаў маіх суразмоўцаў. А затым выпаліў тое, чаго, напэўна, яшчэ аніколі не даводзілася чуць гэтым маладым людзям: "Рэвалюцыянеры, якія кіруюцца толькі інтарэсамі народа, павінны -- у час бяды, або ў асадзе, або тады, калі яны цалкам ізаляваныя, -- прыслухоўвацца да свайго ўласнага сумлення. У такіх абставінах чакаць дырэктывы звыш -- гэта значыць заставацца пасіўнымі і бездапаможнымі". Калі я сказаў ім, што нават у канцэнтрацыйных лагерах і турмах людзі гуртуюцца бараніць свае жыцці, у іхных вачах успыхнула столькі цікаўнасці і здзіўлення, быцам я толькі што раскрыў перад імі самую дзівосную таямніцу на свеце.

З хвіліну стаяла цішыня. Яе рэзка абарваў Славік: "Ну, добра, дапусцім, мы самі надумаем дзейнічаць, падымаць і арганізоўваць людзей. Аднак што будзе, калі выйдзе так, што ў горадзе ўжо ёсць падпольная арганізацыя, упаўнаважаная зверху? Ці не будзем мы выглядзець узурпатарамі, якія захапілі гэтае права -- ствараць і кіраваць арганізацыяй падпольшчыкаў?"
Я адказаў яму, але, як даведаўся пазней, адказ мой не зусім яго пераканаў. Вось што я сказаў: "Калі такі арганізацыйны падпольны цэнтр узапраўды існуе, тады ён даведаецца пра цябе толькі ў тым разе, калі ты згуртуеш людзей і пачнеш нешта рабіць. Тады цэнтр знойдзе, як звязацца з табою, і возьме цябе пад сваё крыло". Для большай нагляднасці я распавёў Славіку, як мы выйшлі на групу Фельдмана.

[...] Вельмі хутка пасля гэтага я даведаўся ад Славіка, што на спецыяльным паседжанні яны надумалі стварыць адну цэнтральную баявую арганізацыю, куды ўвойдуць усе асобныя менскія групы падпольшчыкаў, у прыватнасці чыгуначнікаў, урадавых работнікаў, рабочых розных заводаў і фабрык і інтэлігентаў. Гетаўскае падполле таксама стане адным з яе складнікаў. "Хто будзе ўзначальваць арганізацыю?" -- запытаў я. Ён адказаў: "Дадатковы камітэт". Гэтак Славік засцерагаўся ад магчымых абвінавачванняў ва ўзурпаванні кіраўніцтва, калі б аказалася, што падпольнае менскае кіраўніцтва ўжо існуе. [с. 43]
Насамрэч гэткая сціпласць азначала страх проціпаставіцца дзяржаве і партыі, хоць бы ўскосна. Калі з'явіўся Ваенны Савет, падпольшчыкі мусілі пайсці пад яго. Арыштаваныя гестапа, таварышы з красамоўнымі прозвішчамі Бялоў і Рогаў з таго Ваеннага Савету ўсіх павыдавалі, і гэта быў першы вялікі правал менскага падполля.
If you don't have an account you can create one now.
HTML doesn't work in the subject.
More info about formatting

December 2025

S M T W T F S
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28 2930 31   

Style Credit

Expand Cut Tags

No cut tags
Page generated Jan. 9th, 2026 05:17 pm
Powered by Dreamwidth Studios