miram: (Default)
[personal profile] miram
Gratulojn al cxiuj, kiun.

===

Славуты каталіцкі фаервэрк выглядаў так. Перад поўначчу, калі мелася пачацца беларуская калядная мша ў катэдры, народ тоўпіўся на тратуары пры касьцёле і на другім баку плошчы -- каля ратушы. Сказалі кароткую казань, потым абвясьцілі нешта накшталт: "У гонар нараджэньня Хрыста Пана -- фаервэрк!" Тут народ адвярнуўся ад касьцёла і пачаў выглядаць у небе відовішча. Трэба думаць, ад Сьвятадухавага сабору яно добра ўражвала, але ад катэдры яго засланяў дом Шмэнкеля, а хто няўдала стаў, то і яліны. Абяцанага Баха было не чуваць. Глядзелі ў поўным маўчаньні, а як скончылася -- запляскалі ў ладкі. З тэхнічнага гледзішча фаервэрк нічым не адрозьніваўся ад таго, што бывае на Дзень гораду і падобныя сьвяты, хіба сьціплейшымі маштабамі і выразным недахопам кутата-мутаты. Нарэшце зноў павярнуліся да касьцёла і пачалі заходзіць усярэдзіну.

Калядная мша нагадвала паседжаньне з элемэнтамі канцэрту. Пасярод казаняў, прамоваў і эвангельскіх чытаньняў неўпрыкмет памаліліся і адбылі эўхарыстычны сакрамант. Кандрусевіч прамаўляў на досыць чыстай беларускай мове, але пэрыядычна расстаўляў дзіўныя націскі -- "пашанА", "прыйсьцЯ". Прывітаў перш прысутных сьвятароў, потым "законьнікаў і законьніц", потым дыпламатычны корпус, асобна праваслаўнага айца Аляксандра -- Філарэтавага прадстаўніка, потым прагучала "браты і сёстры". Той айцец Аляксандр перад заканчэньнем літургіі выйшаў да амбону і прамовіў некалькі сказаў -- без аратарскага майстэрства і характэрных амбонных інтанацыяў, крыху нерашуча і таму найбольш натуральна; народ праводзіў яго воплескамі, як фаервэрк. Яшчэ воплескамі адказалі на Кандрусевічаву падзяку хору. Трохі ў прамовах яго эмінэнцыі, а больш у гаворках касьцельных служак з народам пасьля мшы, калі дзяліліся аплаткамі, гучаў матыў хрысьціянскай еднасьці дэ-факта. Відаць, што ён тут моцны і трывалы.

Сярод казані, перапоўненай вумнымі словамі, зьвярнуў на сябе ўвагу пасаж пра лішнюю веру ў навуку. У асьветленым электрыкаю касьцельным гмаху гэта прагучала праз дынамікі асабліва пераканаўча, а ў тэлевізійнай трансьляцыі то пагатоў.

Трэба пры нагодзе паслухаць трыдэнцкую мшу. А то чамусьці простая будзённая чытаная мша, якую служыў айцец Пранцішкус Рачунас, мармычучы так, што ледзь разьбярэш, успамінаецца як больш -- ня тое што ўрачыстая, а зьмястоўная -- чым гэтая калядная з фаервэркам і арцыбіскупам.

(Pranciškus Račiūnas, 1919–1997, быў пробашчам маскоўскага касьцёлу сьв. Людвіка, потым правінцыялам літоўскіх марыянаў. Яны з айцом Чарняўскім вучыліся разам і сябравалі.)

==

La Papo gratulis onin, i.a., en Esperanto. Mi sentas min iom kontenta kaj iom honorigita. Bjelaruse li deziris al oni "вясёлых калядных сьвятОў".
If you don't have an account you can create one now.
HTML doesn't work in the subject.
More info about formatting

December 2025

S M T W T F S
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28 2930 31   

Style Credit

Expand Cut Tags

No cut tags
Page generated Jan. 12th, 2026 02:15 pm
Powered by Dreamwidth Studios