miram: (Default)
[personal profile] miram
Баку

У самалёце — і туды, і назад — сядзеў каля праходу і ледзь бачыў, што ў ілюмінатары. Але і тое, да чаго дапаў вокам, грандыёзна. Яшчэ хачу. Раней лётаў самалётам толькі двойчы, і то ўначы.

Вакол Дому ўраду сымэтрычна стаяць два гатэлі: "Апшэрон" ("Absheron", чаму там "п", а тут "b", так і не разабраўся) і "Азэрбайджан". Мы жылі ў першым. Нумары на дваіх са здвоенымі ложкамі; кандыцыянэр; у прыбіральні адмысловы шланг падмывацца, як запаведана прарокам. Забаўна было, лёгшы тут пасьля душа на ложак з чыстай бялізнай, успамінаць пазамінулую ноч, праведзеную за два мэтры ад прыдарожнай канавы.

Сур'ёзныя людзі нікуды і ніколі не сьпяшаюцца. Таму з паверха на паверх можна дабрацца толькі ліфтам, а лесьвіцу адмыкаюць, калі якая няўпраўка — прыкладам, пажар, або ліфты сапсуюцца. Афіцыянты таксама разносяць стравы не адразу, а адну за адною, даючы наведніку час усьвядоміць уласную важнасьць. А яшчэ сур'ёзных людзей возяць ад пад'езда да пад'езда, не даючы сто мэтраў прайсьці сваімі нагамі. Ня дзіва, што ў іх ва ўсіх такія мамоны паразьяданыя.

Гарбату тут п'юць з дробных шкляных стопачак, а каву — са звыклых нам кубкаў. На стале ўдзень і ўвечары поўная талерка ўсялякай травы — кроп, пятрушка, кінза, базылік. Увогуле кухня была збольшага эўрапэйская, і то смачная. Гэта, праўда, не ўберагло кучу народу ад атручэньня. Заключны банкет варты найлепшае пахвалы. Ніколі не сядзеў за такім шыкоўным сталом.

Была экскурсія ў Атыхгяш — храм вогнепаклоньнікаў. У зямлі з камянёў агонь ідзе, вакол — сьцяна з кельлямі. Тут быў храм яшчэ да нашай эры; у 7 ст. прыйшлі мусульмане і яго зруйнавалі, а праз тысячу гадоў, у 17 ст., індыйскія купцы яго аднавілі, і тут сталі разам жыць і маліцца індусы (шываіты) і зораастрыйцы. Сымбаль Шывы — жалезны трызуб над галоўным алтаром, зораастрыйскі — чатыры слупкі на даху таго ж алтара, азначаюць чатыры стыхіі. У некаторых кельлях музэйчык: у дзьвюх — стэнды, у іншых — лялькі манахаў і вернікаў у чалавечы рост. Пра тое, што тут агонь з зямлі б'е, гісторыкі пісалі яшчэ паўтара тысячагодзьдзі таму; манахаў пасьля аднаўленьня храму былі адзінкі; "з адыходам апошняга манаха ў Індыю ў 1883 годзе храм спыніў сваю дзейнасьць". "Атыхгяш" значыць штосьці накшталт "вечнага агню"; гэтаксама ж называецца бакінскі клуб "Што? Дзе? Калі?".

Аэрапорт Гейдара Аліева надзвычай малалюдны. На Дзявочай вежы, галоўнай турыстычнай цікавінцы (гадоў ёй тысячы тры нібыта), абвесткі пра імгненнае фота — толькі па-азэрбайджанску. І тут, і ў Атыхгяшу па-ангельску ці па-расейску прадублявана хіба палова подпісаў пад экспанатамі. Асноўны тавар на арбаціку побач — дываны (3/4 усяго), рэшта — біжутэрыя і халодная зброя. На больш дэмакратычным арбаціку, каля Плошчы фантанаў, палова ці траціна тавару — кітайскі тандэт. Начное жыцьцё слабенькае, хоць, здаецца, толькі ўночы і гуляць, калі сьпёка адпускае. Пасьля 23 гадзіны амаль усё зачыняецца, сякія-такія крамкі адчыненыя ўсю ноч — з кветкамі, з садавінаю. На вуліцах вельмі шмат савецкіх машын — збольшага "Жыгулі".

Гадзіну правёў на пляжы пад неслабым бакінскім сонцам (пясок пячэцца), але, дзякуючы адмысловай мазілцы для загару, не абгарэў. Ну і загарэць ня надта пасьпеў, вядома.

Гульні (акрамя брэйну) -- у гатэлі "Hyatt Regency", у параўнаньні з якім "Апшэрон" — інтэрнат ПТВ дарожнікаў № 117. Кубачак кавы там каштуе $4. У мужчынскім сарціры вісяць гравюры з скульптурамі Гермэса і Апалона, а ў жаночым, як данесла агентура, нічога не вісіць. Няма на іх фэмінізму.

На Супэрфінал меўся прыйсьці Ільхан Аліеў. Мэталашукальнік на ўваходзе паставілі яшчэ зранку. Усе сабраліся, усё гатова. Раптам недэмакратычна апранутыя салідныя дзядзькі забегалі, праз пяць-дзесяць хвілін зьявіўся Сам. Ну вельмі падобны да нашага. Нават вусамі. Сядзеў ціха, прамаўляў важна, усьміхаўся самазадаволена. Абвясьцілі перамогу азэрбайджанскае каманды, і ўвесь натоўп рэпарцёраў кінуўся шчоўкаць — зусім ня іх, а Ільхана Аліева. Паставілі пару мікрафонаў, і Аліеў з высокай маскоўскай госьцяй Стэцэнкай абмяняліся прамовамі. Панадзяваў чэмпіёнам мэдалькі, пажартаваў з тым-сім і сышоў.

Нашы спартыўныя вынікі: Кубак нацыяў -- выйшлі ў фінал (выйграла зборная Расеі); Чэмпіянат -- недзе ў сярэдзіне табліцы (8-10 месцы разам з Нямеччынай і ЗША).

Намі ў гэтым горадзе заапекаваўся Рэнат, які вучыўся ў Менску і гуляў у нашым клубе, а потым вярнуўся давучвацца ў Баку. Паўсюль вадзіў, паказваў, тлумачыў. Я яго ўмарыў, некалькі гадзін ходзячы сьпёкаю (афіцыйна +35, а казалі, што і +40 сягала). Але прыкра, што пад самы канец не ўдалося яго ўпісаць у аўтобус, які вёз нас на заключны банкет. Ахова дапільнавала, падмацаваўшы адчуваньне залатой клеткі.

Вечарамі каманда тусавалася сэпаратна: на зацішным балконіку, з віном, садавінаю. Вельмі міла, але ці варта было дзеля гэтага ляцець за паўтары тысячы км? Я больш бавіўся з украінскай камандай, пад канец запазнаўся з эстонцамі (аказаліся тартускімі філолагамі і ЖЖ-стамі) і літоўцамі (з Вісагінасу).

Букініст тут — як вельмі добры савецкі, дваццацігадовай даўнасьці. І цэны памяркоўныя, разоў у пяць меншыя за маскоўскія. Трапілася некалькі савецкіх кніжак на ідышы, але нечакана дарагіх. Дом кнігі — мізэрны, але на вуліцы Незалежнасьці некалькі даволі багатых кнігарняў (сярод іх "Акадэмкніга"). І на развале перад Домам кнігі сёе-тое ёсьць. У інтэрнэт-кавярнях праверыць пошту на пяць-дзесяць хвілін пускаюць задарма. У горадзе амаль няма газэтных кіёскаў: я бачыў усяго адзін, побач з паштамтам, і яшчэ пару стоечак з газэтамі. Амаль не бывае, каб азэрбайджанскія шыльды дубляваліся іншаю мовай -- расейскай ці ангельскай. Расейская мова функцыянуе, хоць у 20-гадовых з ёю ўжо бывае цяжкавата; але пануе азэрбайджанская. Грошы лічаць па-свойму: купюры маюць свае назвы — 1000 манатаў ($0,2) называецца мамед (здаецца, так), а 10 000 ($2) — шырван. Таргуючыся, вытаргуеш. Паштовыя маркі тут прадаюць спачатку калекцыянэрам па сьпісах коштам вышэйшым за намінал, а праз які месяц (можа паўмесяца, а можа і ўсе два), што застанецца, пускаюць у агульны продаж ужо намінальным коштам.

Увесь горад завешаны партрэтамі Аліевых — бацькі і сына. Нават у палацы шлюбаў, дзе быў заключны банкет, такіх плакатаў чатыры. Сярод іншага — прэзыдэнт наведвае вайсковую часьць.

У перадапошні дзень пайшоў па кнігарнях; разгаварыўся з прадавачкаю — сама расейка, родам з Адэскай вобласьці, яшчэ за Саветамі прыехала сюды з мужам, а потым выехаць не змагла. Пытаецца: а ў вас як жыцьцё? Кажу: ну, каму як, хто без спэцыяльнасьці, тым цяжэй, які-небудзь дворнік атрымлівае даляраў 60-70... У жанчыны загараюцца вочы, і яна пытаецца: "А дворником легко устроиться?" Яна мае $35 у месяц; робяць трое — сама, муж (рабочы, маторы зьбірае) і сын, разам $200 не выходзіць і на яду не хапае. Рэнат казаў, што зарплата рабочага — $100-150, а хто на замежныя кампаніі робіць (BP &c.), у тых і да $500 можа сягаць.

Апошняя ноч. Пад'ём прызначаны на 7, ад'езд у аэрапорт — на 9. Гадзіны каля 5-й сустракаю на ганку гатэлю ксепаў вяртаючыся з шпацыру. Дзе гулялі? — Па Старым горадзе. — А там відно? — Збольшага. Думаю: стаміцца стаміўся, але не зайду ў той Стары горад, маючы час — паўжыцьця буду шкадаваць. Марш-кідок заняў паўгадзіны. А палове 6-е каля Дзявочае вежы пачуў, як пяе муэдзін. Паблукаў гадзінку — там толькі ў Doom гуляць, праўда што. Людзі прачыналіся, праз дзьверы і вокны было відаць — вось гаспадыня стаіць каля пліты, вось сьнедаюць, вось падняліся і засьцілаюць ложак. Жывуць вельмі бедна. Ва ўсім Старым горадзе толькі лічаныя адрэстаўраваныя асабнякі, што нагадваюць Траецкае прадмесьце. Натрапіў, сярод іншага, на тысячагадовы мінарэт, Інстытут фальклёру і цэнтр навучаньня банкаўскіх працаўнікоў, на якім напісана, што створаны з дапамогай Эўразьвязу. Назад набярэжнай, зайшоў яшчэ на мол. На набярэжнай спакойна начуюць бомжыкі; бачыў некалькі джогераў, а на моле — ранішніх фізкультурнікаў і рыбакоў. На падыходзе да "Апшэрону" балелі ўжо ня толькі ногі, але і сьпіна, ад якой гэта не чакалася.

Шкадую, што не патрапіў у тры месцы. У мячэт, у чайхану і ў музэі.


Масква

Самыя розныя людзі кажуць, кожны па-свойму, "задарма не працую" і "carpe diem". Да сваякоў так і не дазваніўся — удзень яны на працы, а ўвечары я не на тэлефоне.

Тан (армянскі вадкаваты газаваны кефірчык) — смачна. Каймак (азэрбайджанскі напаўкефір, напаўтваражок) — яшчэ больш.

У гэтым горадзе я чамусьці пачынаю, як той цімуравец, падносіць старэнькім і жанчынам цяжкія сумкі. Часам пры гэтым нешта знаходзіш. У мэтро "Беларуская" натрапіў на старэнькага манаха, босага кармэліта, імем Касьян, едучы з-над Байкалу ў адпачынак у Познань, з цяжэразнай сумкай; памог дацягнуць яе да касьцёла на Малой (?) Грузінскай, а там у касьцельнай кнігараньцы ўхапіў польскую граматыку Шобэра (9 выд., пад рэд. Дарашэўскага) і выбраныя вершы Сыракомлі.

На Патрыяршых прудах небывала чыстая вада і прыгожыя качкі. Побач гмах, а на ім — мадэль вежы Татліна. Сынагогу на Малой Броннай не пазнаць. Паўсюль народ сядзіць на газонах, і нікога гэта не турбуе. За гадзіну ў "Кофе-хаўсе" лёгка спускаецца палова месячнай зарплаты сафонаўскага токара. У кнігарнях процьма лінгвістычных клясыкаў і сучасьнікаў, але ж і даражэзных — новыя [пера]выданьні парадку $10, старыя ў букіністыцы на Мясьніцкай часам і болей. Ксэрыць і сканіць, сканіць і ксэрыць.

Дэвіртуалізацыі (толькі ЖЖ-шных мінімум 6, у Баку, Маскве і Менску) пералічваць ня буду.

Date: 2004-08-12 05:47 am (UTC)
From: [identity profile] chingachguk.livejournal.com
А правда, что в Баку никто на гитаре даже не играл в гостиницах?

Date: 2004-08-12 11:03 pm (UTC)
From: [identity profile] miram.livejournal.com
Насчет "никто" -- не поручусь, но я действительно гитары в "Апшероне" ни разу не слышал и в багаже ни у кого не заметил. Правда, в аэропортах, как я посмотрю, с багажом так обращаются, что инструмент туда сдавать -- разве что в бронированном футляре.

Date: 2004-08-12 08:38 am (UTC)
From: [identity profile] agafia.livejournal.com
Привет ЖЖ-юзерам находящимся в Баку от таковых в соседней Махачкале!

Date: 2004-08-12 11:04 pm (UTC)
From: [identity profile] miram.livejournal.com
Ответный привет юзерам в солнечной Махачкале от таковых, которые уже из солнечного Баку успели слинять в чуть менее (хорошо-то как!) солнечный Минск :)
Если не секрет -- в Дагестане с лингвистическими целями али как?

Date: 2004-08-13 12:05 pm (UTC)
From: [identity profile] agafia.livejournal.com
C лингвистическими конечно, а то!

December 2025

S M T W T F S
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28 2930 31   

Style Credit

Expand Cut Tags

No cut tags
Page generated Jan. 3rd, 2026 06:19 pm
Powered by Dreamwidth Studios