miram: (Default)
[personal profile] miram
Радыё "Свабода", рэпартаж пра збор подпісаў за вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты:
(Зборшчык подпісаў: ) “Калі зьбіраеш подпісы па беларуску, людзі даюць іх вельмі неахвотна. Галоўнае, каб не БНФ, каб не па беларуску. Гэта выступае раздражняльным фактарам. Яны пачынаюць сьціскацца, напружвацца. Баяцца нават беларускай мовы. У іх БНФ, беларуская мова – гэта такія страшылкі”.
Пра такое стаўленьне і да БНФ, і да мовы вядома ня першы год. Звычайна яго сьпісваюць на камуністычную/кагэбэшную/прарасейскую/лукашысцкую... прапаганду. Мне ні разу не траплялася дасьледаваньня, якое паспрабавала б высьветліць, чаго ж гэтыя людзі баяцца насамрэч? Тут жа ня проста нязгода з палітычнай пляцформай, тут страх, фрустрацыя, а за імі заўсёды стаіць нешта глыбейшае. Што?

Спасылка па тэме (via [livejournal.com profile] udod99; гл. асабліва высновы ў апошніх 5-10 абзацах).

Date: 2004-08-31 10:59 pm (UTC)
From: (Anonymous)
Трэйці тыдзень зьбіраю подпісы, то маю колькі заўвагаў. Мяркую, што ніякага наперад вызначанага негатыўнага стаўленьня да маўленьня зборшчыка па беларуску ў большасьці тых, хто ўжо адчыніў дзьверы /пра тых, хто не адчыніў,з-за адсутнасьці дадзеных ня йдзецца/, няма. Другая справа, што людзі сапраўды "тэматызуюць" гэтае маўленьне, яно - адзін з вырашальных фактараў падпісваньня/непадпісваньня. Я,хіба, на вялікае шчасьце,нават і блізка не магу абмаляваць партрэт тыповага падпісанта, ляяльнага да мовы. Ёсьць сярод іх былыя палітыканы,сем'і алькаголікаў,каралевы фінаддзелаў,міліцэйскія маёры, "самі мы ня месныя" са ўсіх старон, бізнэс-жэўжыкі, касьцельныя дэвоткі і філёзафы з гарводаканалу. Але цікава ня гэта. Цікава, наколькі трэба быць нахабна-самаўпэўненым, каб з купы фактараў, якія атачаюць сытуацыю падпісваньня, вылушчыць моўны і з гонарам заяўляць, што людзі не падпісваюцца, таму што я, такі харошы, гавару па-беларуску.
А можа, на зборшчыку кашуля нясьвежая? А можа, ён замалады ці, наадварот, застары? Ці папросту з другой фразы пачынае ціснуць і хаміць? "Ці Вы ня любіце Лукашэнку. як не люблю го я" эт цэтэра.
Ніводнага разу я ня чуў з дзьвярэй: "Мы не падпішам, патамушта Вашага языка ні панімаем" ці "ня уважаем" ці "зачэм Вы на нём гаварыце". Калі каго з-за мовы згубіў, некага напэўна знайшоў.
RYCYNA.

Date: 2004-09-03 02:11 am (UTC)
From: [identity profile] miram.livejournal.com
Усё так, абагульненьні -- рэч небясьпечная, але я не пра тое. А пра рэальную карціну стаўленьня да беларушчыны. Да яе ёсьць сымпатыя і ёсьць страх. Але да якіх яе аспэктаў? А можа, увогуле не да яе, а да нечага, што з ёю зьвязана мэтафарычна, сымбалічна ці яшчэ як? А калі гэтая сымпатыя і гэты страх спалучаюцца ў адным чалавеку -- як гэта адбываецца? Усё гэта пытаньні, якія проста ня ставяцца. Замест іх фігуруюць ідэалагічныя фантомы, нейкія фразы, якія ад шматразовага паўтарэньня перасталі несьці сэнс і ператварыліся ў рытуальныя формулы, адзіны зьмест якіх -- пацьверджаньне ідэалагічнае добранадзейнасьці таго, хто іх прамаўляе.

У нашаніўскую пару (і раней у 19 ст.) сфармавалася аргумантацыя: беларуская мова -- гэта наша родная мова, таму давайце вучыць дзяцей на ёй. Прайшло 3/4 стагодзьдзя, выгадаваліся пакаленьні на трасянцы або на чыстай расейшчыне, а "Талака" надалей трансьлявала тую ж аргумантацыю, нічога новага не дадаўшы. Толькі праз гадоў 5-10 (здаецца) пасьля пачатку публічнага абмеркаваньня праблемы мне ўпершыню трапілася нечая заўвага, што паняцьце "родная мова" 100 гадоў назад і цяпер мае розны зьмест.

December 2025

S M T W T F S
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28 2930 31   

Page Summary

Style Credit

Expand Cut Tags

No cut tags
Page generated Jan. 3rd, 2026 08:08 pm
Powered by Dreamwidth Studios