miram: (Default)
[personal profile] miram
Зборнічак вершаваных водгукаў на актуальныя падзеі вулічнай палітыкі і прапагандысцкай барацьбы "Вандэя навыварат" зьявіўся ў 1989 г. Надрукаваны ён быў на ратапрынце ці нечым падобным, макет -- машынапісны, плюс некалькі карыкатур у якасьці ілюстрацыяў. Аркуш (аркушы?) з макетам трэба было ўручную разрэзаць і збрашураваць; атрымлівалася мініятурная кніжка фармату 7 х 93/4 см.

Правапіс захоўваю з мінімальнымі праўкамі. Вершы досыць няроўныя, але гістарычнай іх вартасьці гэта не касуе. Што далей то болей рэаліяў патрабуюць камэнтару; гэта пазьнейшая задача.





Бібліятэчка “Студэнцкае думкі”

Вандэя навыварат

Беларуская ананімная літаратура канца XX ст.

Менск – Вільня
1989






Паўлюк Задзірасты

Як мяне адваджвалі ад “Талакі”

(паэма)

Я спакойны, я жанаты,
Невысокі, сьлепаваты,
Быў заўжды інтэлігентам,
А тут робяць дысыдэнтам.
Я ў галоснасьць быў паверыў,
40 год нямком я жыў,
Лёс свой службай толькі мераў
І нібы свабодны быў.
А бяда мая – дажыўся,
Як зачэпіш – дык баліць;
У дзяцінстве не вучыўся
Па-расейску гаварыць.
Каб вазіў я гной на ферме,
То ня муляла б бяда,
Там ня ловяць, дзе хто перне,
І не цягнуць да суда.
Але ж вывучыўся, ліха...
У сталіцы жыць пачаў,
І ня ўседзіш, браце, ціха,
Бо акцэнт мой выдаваў.
Трыццаць год мяне дражнілі
То за “трапку”, то за “бруха”
І ад рогату аж вылі:
Во “калхознік”, во “псяюха”.
Я акцэнт таптаў, як мог,
Я пачаў быў заікацца –
Моўны так араў мурог,
Каб да іх прыбудавацца.
“Трапку” з “брухам”, “чурку” тожа
Неяк вывучыў, мой Божа
Стаў вучыць другія мовы –
Малады быў і здаровы.
І цяпер па-беларуску
Каб што правільна сказаць,
Я падумаю па-руску,
Ды пачну перакладаць.
Я падумаю па-польску,
Па-украінску магу,
Па-нямецку, па-літоўску,
Свой акцэнт не берагу.

Час ішоў.
Застой стаяў.
Я зь іх слоў перакладаў.
Пастарэў, парвалі зубы,
Збудавалі ў роце мост.
І акцэнт на маю згубу
Аднавіўся на ўвесь рост.
Зноў рагочуць з вымаўленьня,
Пасылаюць у калгас.
Перажыткам пакаленьня
Нараклі каторы раз.
Спрабаваў пад іншаземца
Маскавацца, колькі мог.
Пад казахскага хоць немца,
Хоць пад чорта, каб бяз рог.
Дзе ж мне з кім пагаварыць,
Каб бяз сьмеху і бяз зьдзеку?
“Талака” чую шуміць,
Яе выбраў замест лекаў.
Хлопцы мкнуць на Курапаты.
Я за імі... От псямаць!
Я спакойны, я жанаты...
Дык за што мне штраф даваць?
Нес я Берыі – падонка
На калу ў пенснэ партрэт.
Ззаду дзеці йшлі і жонка –
Цэлы мой аўтарытэт.
А на заўтра, як укус:
Бух мне позвачку у МУС!
“Мітынг ваш быў без дазволу
І без санкцый чынароў...”
“Але ж я ня плёў крамолу...”
“Штраф плаці і будзь здароў”.
Сеў я дома і сяджу,
Жонцы ў вочы не гляджу.
“Дзе паўсотні ты падзеў?
Мо згубіў, прапіў, праеў?”
“Новы век, -- кажу, -- харошы:
Ня ўсё мерыцца на грошы.
Я й цябе завалаку,
Каб пачула “Талаку”.

Зноў хадзіў на іх я сходы,
Слухаў мову, быццам сьпеў.
Чуў, што выйшаў я з народа,
Што загнаць хацелі ў хлеў,
Што дурным наш род рабілі,
Што па турмах нас гнаілі,
Што культуру разграблі –
Па Сібіры разьвязьлі,
Каму ў рукі лом-лапату,
Разумнейшым – Курапаты.

Што раней мы гонар мелі,
Што пабілі мы татар,
А каб душы не чарсьцьвелі,
Быў у нас першадрукар.
Што сярод славян ці немцаў
Мелі мы аўтарытэт.
Не пускалі далей сенцаў,
Калі збройны лез валет.
Што ня мы у эмігранты –
Эмігрантамі да нас!
Што акторы, музыканты
У нас мелі зорны час.
Што ў маскоўскіх камяніцах
Цуды нашае рукі.
Што за волю лезьлі біцца
Часта нашы мужыкі.
Што забілі нам Купалу,
Што касьцямі шлях услан
К Беламорскаму каналу,
І ў Нарыльск, і ў Магадан.
Што адвучвалі ад працы,
Што разбэшчвалі народ,
Пад дурных маскіравацца
Прымушалі нас штогод.
Што “Мужыцкай праўды” слова
Актуальна і цяпер,
Што заплёваную мову
Не пускаюць на папер.
Што нам памяць адбівалі,
Сын на бацьку – упярод!
Што манкуртамі мы сталі –
Не калгас, а ўвесь народ.
Што ў яжовых рукавіцах
Матак мацалі пры нас,
Потым вешалі на сьпіцах –
Быў такі прыгонны час.
Што жуем мы хлеб ды сала,
Што ня спухлі безь яды –
Сялянін у нас удалы,
Як вярблюд той без вады.
Што раку гаўном зглумілі,
Што ні горад, то смурод.
Што Чарнобылем накрылі,
Не раён, а ўвесь народ.
Што ў дурдоме без пуцёўкі
Кожны мог адпачываць.
Чужакоў блатных і лоўкіх
Слалі намі кіраваць.
Што па ўсёй па Беларусі
На пасадах і дамах
Вырай сеў, нібыта гусі
І ня згоніш трах-бабах!
Што — дзе цэркаўка, касьцёлік –
Парабілі МТС.
Да адзінкі ставяць нолік –
Называецца – прагрэс.
Што пустыню на Палесьсі
Загадалі нам рабіць,
Што жаўрук у паднябесьсі
Не пяе, а просіць піць.
Што дзікунскія абрады
Дырэктывай людзям шлюць.
Што галоснасьці мы рады –
Галасіць усім даюць.
Што пара людзямі звацца,
Каб далей не адставаць
Нам за розум трэба ўзяцца,
Трэба перабудаваць...

Я ўсё слухаў, я пасіўны,
Я – былых эпох прадукт,
Сам з сабою агрэсіўны,
А на людзях – пшык – патух.
Спор-дыскусію хацелі
Пра мэтро яны усчаць.
Думаў я, каб іх ня зьелі,
Трэба, мусіць, памагаць.
Я аб’яву нашрайболіў –
Тэкст сьпісаў з “ВМ” (газэты) –
Ды на плот прымастаколіў.
А мне ў рэбры пісталетам!
Рукі ўзад, заткнулі рот,
Павялі далей за плот.
Чую зноўку будзе гуз!
Вунь і шыльду бачу: МУС.
“Што разьвешваў, -- кажуць, -- контра,
Недабіты ты нацыст!”
А другі палкоўнік мондры
Кажа: “Ён шчэ пацыфіст!”
Я кажу: “Чытай аб’яву,
Што гаркам газэце даў.
Я яе, гэту праяву,
Слоўца ў слоўца перадраў”.
Бачу – ведаюць, рагочуць,
Дурня строяць на вачах.
А чаго канкрэтна хочуць?
Наганяюць толькі страх. Ах!
Штраф – бабах! Ідзі дамоў,
Каб бяз лёзунгаў і слоў!
Зноў!

Зноў заробку палавіну
Жонцы я не аддаю...
А каб вас у дамавіну!
Татку-матку вашую!..

Зноў іду да “Талакі”.
Там навін, як блох у сукі!
Камсамолу не з рукі –
Дык прагнаў іх зноў на мукі,
На бадзяньні па дварэ...

Хто арэ, а хто жарэ...

Нехта зноў пушчае хмары,
Нехта цуглямі ўшчаміў
І пра Сталіна зноў марыць,
Каб скарэй бандыт ажыў...
Ох, трывожна, зноў трывожна,
Гандляры даюць байкот:
Хай гніе, купіць ня можна,
На цьвічок чапляй банкнот.
Так магчыма правіянт
Дасьць чылійскі варыянт!
Зьверху хтосьці бласлаўляе:
Трэба крызіс, трэба гнеў.
Перастройка? Вам якая?
А ну, кыш назад у хлеў!

З цяжкай думкай мкну да дому,
А насустрач санаваты:
-- Табе позвачка сьляпому!
Пойдзеш, гніда, у салдаты!
-- Як? За што? Дык не вайна!
У газэтах – рабраеньне...
-- Для тебя – путя одна.
Воспитають, без сомненья!
-- Белы маю я білет,
Саракоўка за плячамі...
Ваенком сказаў: “Привет!
Утром быть, как все, с вещами!"
Папсавалі мне настрой.
Я да доктара, браточкі:
-- Палічы, харошы мой,
Мне хваробы, як цьвяточкі.
Тут абсцэс, радыкуліт,
Язва, нырак палавіна,
Печань, сэрца і гастрыт –
Кандыдат для дамавіны.
А яшчэ я тут няўрокам
Акрывеў вось правым вокам.
Дзесяць год, чаму ня знаю,
А кульгаю і кульгаю.
У атаку пабягу –
Справа стрэльнуць не змагу,
Зьлева – ў руку параліч...
Хоць жану да войска кліч...
Доктар піша мне даведку
Па-латыні... Цёмны лес!
Ставіць нейкую паметку
І кіруе у сабес.
Каб здаровы вы былі
Ёсьць жа праўда на зямлі –
Інваліднасьць мне далі!
Сунуў кніжку ваенкому.
А ён змрочны ўвесь сядзіць,
Быццам мордай аб салому,
Так губамі шамаціць:
-- Дуй атседава, калека!
Нагарыць мне, нагарыць...

Клятву даў, што чалавекам
Буду я цябе рабіць...

Зноў іду да “Талакі”
А яна ўся ў мундзюрах!
Значыць, быў загад такі
Тых высокіх, змрочна-хмурых,
Але ўсіх не заграблі:
Ў “Талацэ” былі і бабы,
І старыя гарбылі,
І, як я, здароўем слабы.

Хтось быў вылаяўся матам.
Сесьці б дзе, пагаварыць.
-- А пайшлі ка мне да хаты,
Чаем можам замачыць...
Ну, прыйшлі. Частую чаем.
Сэрца чуе і баліць.
Аж у сенцы выклікаюць –
Міліцэйскі ўзвод стаіць!
-- Што за мітынг? Што за сход?
Пачаму ў цябе народ?
-- П’ем хто чаю, малака...
-- Мітынг гэта! “Талака!”
Шагам шморг! За сьпіну рукі!
Разьбяромся на судзе,
Мо’ хто возьме на парукі...
А суседзяў! А людзей!
Нас вядуць, як арыштантаў,
Як крамолу пры цары.
Служкі хоць без аксельбантаў –
Падабенства, чорт бяры!
Сьледчых куча, пракурораў.
-- Дык за што вас замялі?
Крымінальны знаем нораў:
-- А мы толькі чай пілі!
Лысы шэф гукае зьнізу:
-- Я з вас выцісну тут соль,
А ну, ўсіх на экспэртызу;
Трыпэр, СНІД і алкаголь.
Нас круцілі і сьвяцілі,
Бралі пробы на хваробы,
Не знайшлі і адпусьцілі,
Бо ідэйныя вантробы.

Ім гарэлка толькі сьніцца,
Мы для іх – што быдла, зэкі.
Ім бы з бабай ды напіцца,
Пахмяліцца, зноў на лекі...
А у нас чаго нап’есься?
Як з заробку смальнуць штраф,
Вунь, з-пад крану, дык зальесься,
Толькі гонар, быццам граф.
Толькі думкі, толькі мова,
Толькі вочы, каб глядзець,
Толькі розум, толькі слова,
Ну, бо ім таго ня мець.

Супраць кучкі ставяць войска,
Школяць цэлы апарат,
Угаворваюць па-свойску,
Што дурны я, пень і гад.
Я ж ніхто, жыву пад зьдзекам.
А хачу быць чалавекам.

Пра аўтара:

Ня быў.
Не служыў.
Не выяджаў.
Ня маю.
Не выбіраўся.
Не ўзнагароджваўся.
Не судзіўся.
Ня ўдзельнічаў.
Не падвяргаўся.
Нідзе.
Ні з кім,
Ніяк,
Нікога,
Няма.
Прашу ўсё гэта ўлічыць...



Паўлюк Задзірасты





Вядзьмак Лысагорскі-меншы

Сказ пра Саўку Паўлава і групу хуткага адпору
(паэма)

Час мяняецца, прыносіць
Шмат навін нязвыклых ён:
Дэмакратыя, галоснасьць
І “свабодны мікрафон”.
Нефармалы ўсюды ціснуць,
Мітынгуюць там і тут,
Дабіваюць сталіністаў,
Над начальствам ладзяць суд.

А у нашым родным краі
Расстаўляе зноў сіло
Звычка подлая, старая:
Толькі б ціха ўсё было!
Хоць як быццам бы і ў нас
Перамены робіць час.

У прэм’еры ды ў міністры
Касяком палезьлі ў ход
Інжынэры, трактарысты –
Менскай выпечкі народ.
Хто калісь ім лазьню ладзіў
І напіткі падбіраў,
Пры пасадзе і акладзе –
Кіраўнік дзяржаўных спраў.

У рашчыненыя дзьверы
Да сваіх таварышоў
І Пячэньнікаў Валера
Ідэёлягам прыйшоў.
Пастаноў высокіх жыжу
Ён даўно ужо каўтаў
І таму ніякіх кніжак
Год пятнаццаць не чытаў.

Ды як раз ад перапалкі
І ад крытыкі ды кпін
Адпраўляўся на рыбалку
Хітраван стары Кузьмін.
І пакінуў ён Валеру
Сьметнік значнага памеру.

Нібы мухі, сьметнік гэты
Абсядаў народ такі:
Кампазытары, паэты,
Рэжысэры, мастакі.
Кожны штосьці там шурупіць,
Ды яшчэ па ўладзе лупіць.
З гэтай тлумнаю аравай
Не спраўляецца Бюро.
Хто з іх левы?
Хто з іх правы?
Дзе ў іх штык?
А дзе пяро?..
Ясна, ім ідэйны порах
Падмачыў заморскі вораг
І смарчкі-інтэлігенты –
Белай гвардыі агенты...

Хоць настрой Валеры падаў,
Поўз уніз на тармазах,
Выручаў Савелій Паўлаў –
Прапаганды вечны заг.
Дзелавіты і жывучы,
Ён трымаў ад прэсы ніць,
Добра ведаў, як прыжучыць,
Прышчаміць, забараніць.
Ён надзейны, як бязьмен.
Час ідзе, а ён бяз зьмен...

Не хаваючы даверу,
Даў параду ён Валеру:
-- Хочаш мець апёкаў меней --
Жар гарні чужою жменяй.
Каб лячыць ідэйна хворых,
Трэба моцная рука.
Групу хуткага адпору
Згарбузуем пры ЦК.
Каб ня мы мазгі ўпраўлялі,
І рабілі паварот –
Навукоўцы, генералы –
Адукованы народ.
Ледзь заўважым дзе заразу,
Падключаем іх адразу.
А паткнецца Адамовіч,
Мы ў адказ яму – адмовіць,
Няхай ведае Алесь:
Як ня просім, дык ня лезь.
На Вячорку і Вітушку
Хутка знойдзем мы заглушку.
Я ў “Вячорцы” растаўку
Прынародна “Талаку”.

Хоць Пячэньнікаў няёмка
Чуў сябе, ды быў гатоў
Для бліжэйшага знаёмства
Запрасіць “барацьбіт[о]ў”.
Вось яны падперлі сьценку:
Філімонаў, Дамарад,
Ульяновіч, Ігнаценка –
Дружны, вопытны атрад.
Задаволена і тупа
Інструктаж чакала група.

Зьвяў Пячэньнікаў: “Ня густа,
Эскадрон былых ваяк.
Так з духоўнаю распустай
Мы ня справімся ніяк.
Як гаворыцца, ня гейшы,
А старое гуано...
-- Ну, а трошкі маладзейшых
Не чутно і не відно?
Зразумеў прамашку Саўка:
-- Прадугледжана дабаўка.
Мы Сташкевіча падключым,
Каб ня надта быў калючым.
Хай падкіне нам фактуру
І засьвеціць “агентуру”,
Тых, што сноўдаюць па скверу,
Асьмялелыя ня ў меру.
Ёсьць, хто “бомбачкі” пуляе, --
Боўш, Бягун і Пепяляеў,
Заклікаюць шмат гадоў:
“Бі нацдэмаў і жыдоў!”
Калі трэба, ёсьць давескі:
А.Бажко і А.Залескі...
Дасьць Маскве і Рызе фору
Група хуткага адпору...

Стала моташна Валеру
І падумаў ён: “Аднак
На якую мне халеру
Гэты чортаў кавардак?
Папрасіцца б мне ў адстаўку.
Пенсіённыя дзяды
На чале з жалезным Саўкам
Завядуць мяне куды?”

Ды назад вяртацца позна:
Абвяшчае Саўка грозна:
-- Група хуткага адпора --
Наша гнуткая апора.
Адбіраем факты ў фронды –
Адкрываем вам сьпецфонды.
Слава Быкава ў зеніце –
Звон ідзе з усіх бакоў.
Дык яго вы гламазьніце
У падтэксьце, між радкоў,
А Тарасава і Сушу
Патрасіце, нібы грушу
Будзе ўласнай контры мала,
Дазваляем біць Шагала...

Група ўзводзіць вочы ў неба,
Кожны чэша даланю:
-- Калі трэба – значыць трэба!
Нам яно не ўпершыню.
І дарэчы, без прынукі,
Хоць ён нам не сват, не зяць,
Мы гатовы на парукі
Сёньня ж Жданава узяць!..

Адаслаў дзядоў Валера,
Пачасаў пусты прабор:
-- А ў іх ёсьць якая мера?
Ці ня будзе перабор?
Бо прасіў жа Сакалоў
Браць у бойку менш калоў...
Супакоіў Слаўка: -- Што ты.
Не трывожся ні аб чым.
Гэта ўсё – мае турботы,
Я ўсё ўзважыў і ўлічыў.
Шмат наперад мне вядома.
Я за гэтулькі гадоў
Перажыў у гэтым доме,
Можа, сто перабудоў.
Косткі мне перабіралі.
А цяпер, скажыце, дзе
Левакі і лібералы?
Я ж сяджу, як і сядзеў.

Я б і сам якога гада
Кулаком гатоў прыбіць.
Толькі нельга мне – пасада.
А нутро даўно сьвярбіць.
Пакачаў уволю ў брудзе
Я гербы іх і сьцягі.
Ну няўжо Яфрэм асудзіць
Пралетарскі перагіб?..

Аж салохаўся Валера,
Як клакоча Саўка злом:
“Гэта ж мы такога зьвера
Зьберагаем пад крылом!”
Прыхаваў свой позірк колкі
І на выхад выдаў “пас”:
-- І ня страшна аніколькі,
Калі грымнуць у адказ?

Саўка хмыкнуў: “Божа мілы,
Ён хвалюецца ў журбе”. –
-- За мяне такія сілы,
Што ня сьніліся табе.
Як дастану з сэйфа папкі,
Дык усе падымуць лапкі.
Што казаў, дзе памыліўся,
На каго не памаліўся,
З кім якую чарку піў,
З кім кахаўся, дзе лячыўся,
Што прадаў, і што купіў.
Нібы пчолы мёд у соты,
Мне нясуць усё сексоты.
Будзе трэба, без затрымкі
Гэта я аддам у друк.
І ў Маскве – не без падтрымкі:
Ёсьць стары сябрук – Сяўрук...
-- Што ж, -- сказаў Валера, -- сходу
Я даю на групу згоду...
І пайшла пісаць губерня
У “Вячорцы і “Зьвязьдзе”.
Хоць усіх ад глупства верне,
Група дружна рэй вядзе.
Нібы застаўкі сарвала,
Не змаўкаюць крумкачы –
Кандыдаты, генералы,
Адстаўныя стукачы.

Заключэньні і прамовы
Да гісторыі і мовы,
Рэзалюцыі, ацэнкі –
Хоць адразу стаў да сьценкі.
Падыход амаль што царскі,
Як вучыў Абэцэдарскі.
Не псаваў зусім абедні,
Пёр у першыя рады
“Палітычны субяседнік”,
Што вішчэў на ўсе лады.
Пачытаць яго, дык здуру
Не захочаш нават жыць:
Падрыўною агентурай
Навакол усё кішыць.
А народ дурны і сонны
Не дапетрыць – справы швах:
Тут – нацдэмы, там – масоны,
Родны лад трашчыць па швах.
Публікацыямі Мальдзіс
Падарваў марксісцкі базіс,
А няголены Садоўскі
Адмаўляе ўплыў маскоўскі...

Ды з падтрымкай нешта глуха,
Хоць бы дзе радочкі два.
І нарэшце заварухай
Абурылася Масква.
Атрымалася няпраўка,
Нечакана бліснуў гнеў.
І тады з інфарктам Саўка
У бальніцу загрымеў.
А за ім нібыта цені,
Зубы сьцяўшы на бягу,
Плітанулі на лячэньне
Пепяляеў і Бягун...

Скіс разгублены Валера:
“Мне ўсё гэта – цёмны лес.
Лепш бы я дзяліў кватэры,
А ня ў гэты нетры лез”.
І каб даць якую раду,
Весьці справу праміком,
Да сябе сабраў нараду,
Ляснуў грозна кулаком:
-- Воз ідэйны наш нясецца
Аж да злому галавы.
Ты куды глядзіш, Русецкі?
Што ты робіш, Канцавы?
Як няма на мейсцы Саўкі,
Дык залезьлі ўсе пад лаўкі.
Бескантрольны Екель Лёня
Што з трыбуны балабоне?!
Клічце сёньня ж у кантору
Групу хуткага адпору.
Перагледзьце ўвесь састаў,
Каб ён больш разумны стаў,
Каб ударам найхутчэйшым
Прышчаміць хвасты “Тутэйшым”
І разьнесьці на шматкі
Пачынаньні “Талакі”.

Скрыгатнулі злосна жорны
Пад бязьлітаснай рукой,
Каб раструшчыць непакорных,
Адабраць у іх спакой.
І пасыпаліся “крупы”.
І зьявілася “мука”.
І прысуды піша група.
І гаруе “Талака”...

Далажылі гэта Саўку –
І пайшоў ён на папраўку.
Зноў вярнуўся ў родны строй
Разам з гвардыяй старой.
Зноў дратуюць гонар, памяць.
Зноў лупцуюць, ганяць, плямяць...
А няўцямная хімера
Выцірае пот з ілба:
Дзе тут Саўка?
Дзе Валера?
Дзе тут фарс?
Дзе барацьба?
З-за чаго ўшчалася бура?
Хто пагрэў на ёй руку?..

Беларуская культура
Плача ціхенька ў кутку.






Наказ народным дэпутатам

Адстаўка – ўсім цэнзурным катам,
што гвалцяць бедную культуру –
ад невуцтва і проста здуру!..

культурай правіць той, хто піша
раманы, вершы ды карціны...
хто вызначае пуцявіны
ў абшар Духоўнага Узвышша...
і толькі ён – душы ахоўнік –
народу – прама і адкрыта –
а не праз цэнзарскае сіта –
перадае свой плён духоўны...

Зямлю – сялянам, і – навечна!..
(Каб бюракрат яе ня нішчыў)...
Заводы – тым, хто недарэчна
ад іх адлучаны фактычна...

А Ўладу – вечнаму Народу!..
Вам, хто на выбарах сапраўдных –
ад мафіёзі апаратных –
ачысьціць грэшную Свабоду!..


Занатаваў у Калядоўную ноч,
падслухаўшы Голас НАРОДУ, --
Вядзьмак Менскі





Паўлюк Задзірасты

Нарабілася бяды у нядзельку на “Дзяды”
альбо
Як я быў на сапраўднай вайне каля свайго дому ў Менску 30.X.88

(паэма)

Дзень нядзелька, вецер коле,
Бо стаіць крыху мароз.
Шэрань беліць навакольле,
Мерзнуць рукі, ногі, нос.
Сьвята памяці – ДЗЯДЫ.
Вось і йдуць усе сюды.

Выйшаў я з пад’езду дома –
Людзі-людзі, гоман-гоман!
Тут мяне за руку хваць:
-- Ты куда, тваю птамаць!
-- Што за новыя парадкі?
На магілку я, да таткі...

А наўкол кукарды, каскі,
Падазроны у нас век,
Дачакаесься тут ласкі...
Але ж я яшчэ ня зэк!
Гегемон я. рабацяга,
Не палітык, не стыляга,
Я ж на вашыя пракосы
Дваццаць год плачу узносы...
Я народжаны бяз Бога,
Хоць яшчэ не атэіст.
Да Дзядоў хіба, нябога.
Выйсьць ня можа камуніст?
Забарона – хрысьціянства,
А Дзяды шчэ ад паганства.
Я – АКОД, я – брыгадміл...
-- Ну, смотри, чтоб не чудил!

Адпусьцілі, дзякуй Богу,
Я за дом, ды на дарогу.
Ну а там шынельнай хеўры
Прэ, нібыта на манеўры.
Ні тралейбус, ні машына,
Ні мужчына, ні жанчына,
Ні стары, ні малады
Не патрапяць на Дзяды.

Грудзі жудасьцю праймае,
Калі валіць сілы хмара,
І вішчыць сірэна, грае:
Ах, ты сталінская мара!
Пруць калёны у атаку.
На каго? Пабойся Бога!
На старога, на слабога,
Лясь па мордзе, бух пад сраку...

Гонар храпы расьпірае:
-- Мы тут сіла, мы тут ёсьць!
Сіла ёсьць, але дурная.
Служба ў смак – сабаку косьць.
Хто цкаваў вас на народ?
Хто пагнаў вас на магілы?
Хто камандуе ўпярод?
Што ж вы робіце, дурылы?
Шынялём сумленьне крыеш...
Як прачнецца, дык завыеш...
Не! Ідуць за радам рад!
Дысцыпліна і загад!

Круцяць Марачкіну рукі,
Мартыненку б’юць пад дых,
Плачуць Содалевы ўнукі...
-- Пашкадуйце хоць малых!
Вунь Казловіч рот разьзяявіў...
Ну і што, што ты сьпецкор?
Рулю з газам – пшык наставіў:
-- На пісакаў робім мор!
-- Стальмашонка замялі!
-- Ён жа быў у іх Крамлі!
-- Замялі, каб больш ня гаўкаў,
Так сказаў вяльможны Саўка.
Рэж нацменаў, як індыкаў,
Ды віжуй, дзе іхні Быкаў.
-- Потерял писака стыд!
-- Кто в его роду был жид?
-- А вот этот Адамович,
Знаю точно: Аранович!
-- Все масоны, сионисты,
Переантикоммунисты!
-- На што точыце лязо?
-- Всех берем, и всех в ШИЗО!
Вы не нация, мутанты!
-- Мы ў Вандэі эмігранты.
Бой з народам? Бой народу?
Каб, як быдла, стойла знаў?
Каб ня пёрся на свабоду,
Як рабуюць, каб маўчаў?
І Дзяды – варожа сіла –
З таго сьвету б’юць у звон?
Пад бульдозер бы магілы,
Альбо выкінуць іх вон?
Беларусь – усю за краты,
Ацалеў – у Курапаты...

Эх, ці хто у Менску ведаў,
Колькі кормім дармаедаў!
Пры пагонах, пісталетах,
Пры дубінках, пры жылетах,
Пры шчытах, з балёнам газу,
Як пламеты, як заразы.
Быць і біць. Альтэрнатывы
Не дапусьцяць дырэктывы.

Сто машын. Пажарных куча.
Варанкі і вадамёты.
Тры гады “рубіцца” вучаць,
Сёньня – практыка работы!
-- Будзе бой, ці трэніроўка?
-- Будзе ўсё. І дужа лоўка!
-- Вы, сялянскія сыны,
Чаму кожны з вас дурны?
-- Проучить я вас готов…
-- Дык ня рушце хоць Дзядоў!
-- Кто таков?
Сьпее бойка. Перапалка:
-- Идиоты, мне вас жалко…
Сьпее бойка.
-- Вот вам будет перестройка!

Слухаць стаў, дык не далі,
Бо маторы зараўлі,
Ды дальбог, як на вайне,
І ўсе едуць на мяне:
Душагубкі,
Вадамёты,
Варанкі
І кулямёты...

-- Дык за што нас будуць біць?
Куды дзецца, што рабіць?
Можа ўласьць перамянілі?
Можа фрыцы зноў у нас?
Можа сон дурны прысьнілі?
Што людзям пускаюць газ?

Мегафоны завываюць...
Абкружаюць! Заганяюць!
Войска зьлева,
Войска справа...
-- Левай, левай!
-- Марш!
-- Аблава!
-- Хто даў права? –
То крычыць Хрыстос-Зянон,
Спадзяецца на закон.
Абразумілі адразу –
Пшык яму у вочы газу.
Хочуць зьбіць, павалачы.
-- Кыш з дарогі, крумкачы!

Люд сьмялее, робіць кола,
Пасярэдзіне Зянон
Глаавою круціць голай,
Шчэ жывы, здаецца, ён.
Як кіно: псіхоз-атака.
Шчыт і шлем. Аўчар-сабака.
Без разбору гвалцяць люд.
-- Дзе закон? Савецкі суд?

Гнуць Купаву да зямлі,
Паднялі і панясьлі.
Асташонку – па пячонках,
Аж павіснуў на сасонках.
Цягнуць нейкую дзяўчыну,
Кухталя і мне у сьпіну.
Стаў, гляджу яму у храапу:
Ці пасьмееш яшчэ біць?
Апусьціў мярзотнік лапу,
Проста Берыем глядзіць.
Хачу плюнуць, ды баюся.
Знаю сам, дзе апынуся.
Як прыходзіць такі кат –
Не паможа адвакат.
Прамінуў, пабег далей
З гумай-палкай на людзей.

Важны, мажны і вальяжны,
Рэспэктабельны як пан,
Сам Раеўскі лёс свой дражніць,
Кажа: “Брысь, а то як дам!”
От, маўчаў бы сабе ціха
Альбо лесам уцякаў,
Пшык яму з балёну ліха –
На нагах не устаяў.
Газ у нас дык не японскі:
Чарамховы, чарамхоўскі,
Меўся быць на прусакоў,
Пшык Раеўскаму – гатоў!
Плач, як плакаў наш Купала –
Яму болей перапала.
Стаў сьпектаклі пра Вандэю –
Не заб’юць, дык зразумеюць...
А на самым на пагорку
Быццам невадам з вады,
Цягнуць беднага Вячорку.
А куды яго? Куды?
-- Чё, куды? Туды, в реку:
Топим ету «Талаку!»
И «Тутейших» помордуем,
Мы их носом, сука, чуем!
Мне приказ и я берусь
Всю очистить Белорусь!
-- Ад каго? Ад жыхароў?
Тут палкоўнік аж зароў:
-- Чё? Любить вас не привык?
За колхозный ваш язык?
-- Але сала любіш наша?
Бульбу прэш, ды без нітратаў.
-- Я вам жизню строю краше!
-- Строй, ды толькі без салдатаў.
-- Вы подполье сотворили!
-- Дзе? Пачуць я быў бы рад.
Як вы нас перахрысьцілі?
-- Хрен, вам “Матрипатрихат”!
С нами сила и порядок.
Наведём его, где надо!
Брысь!
Заткнись!
Руки вверх! Сюда садись!

Вось якія тут падзеі
Робяць кормчыя Вандэі.
Наша Коза-Бела-Ностра
Атакуе вельмі востра.
Як прыціснуць, то здаецца,
Што галоснасьць гнецца, рвецца,
Што Масква не устаіць,
Што й туды паедуць біць,
Што канец перабудове...
Стоп, засраныя панове!
Трасцу ў бок, часы ня тыя,
Людзі болей не нямыя!

У адказ нясуцца маты.
Што, нам тутка зімаваць?
-- Дык ідзем на Курапаты,
Будзем там мітынгаваць.
-- Абагнаць!
Задрыжала, зараўло.
Задымела: папаўзло.
Замігала, засьвяціла.
Стыне кроў ажно у жылах.

Людзі сталі на калені
На пакатым тым бугры.
-- Плюнь на сталінскія цені,
Зянон-братка, гавары!

На Дзяды натоўп зьбіраўся,
І ніхто зь іх напярод
Знаць ня знаў, не здагадаўся,
Што зь Дзядоў ідзе НАРОД.
І хацеў ён, не хацеў,
Але сёньня зразумеў,
Дзе схавана сіла “класа”,
Што жарэ бясплатна мяса,
Што кіруе, як захоча,
Што на могілках рагоча,
Што культуру нішчыць, мову,
Што нас доіць, як карову,
Што давёў нас да жабрацтва,
Што крычыць пра роўнасьць, брацтва.
Супраць нас законы піша –
Кыш пад венік, людзі-мышы!
Што ў газетах брэх друкуюць,
На рабочых гоняць страх:
Бач, рабочыя працуюць,
Нефармалы – пры жыдах
За рабочы кошт жыруюць!
Проста жах!
Толькі крыкнуць шчэ ня сьмеюць:
“Бі жыдоў, ратуй Расею!
Натравіць, цкаваць старацца,
Каб ня сьніўся ім той фронт,
Даць пад хвост – пачнуць баяцца,
Ды яшчэ узяць на понт:
Нефармалы? Іх навалам!
Пры станку як вы былі,
Дык яны усё памалу
З магазінаў падмялі.
Рускіх высяляць, павяжуць,
Можа нават будуць біць...”
Чыю душу мёдам мажуць?
Чый язык яшчэ сьвярбіць?
Дзе чыталі мы пра гэта?
Ах, чужая нібы слава?
Быў у іх такі паэта –
Падкалодны гад Цанава.
І сыны яго у сіле –
Вунь стаіць якая раць!
Морды гэтак адкармілі,
Што за дзень не абасраць!

“Беларусь – стабільны край” –
Для вандэйцаў проста рай.
Бо народ пакорны, чулы
Сталіністам даў прытулак.
Селі моцна на гарбе
І на мне, і на табе.
Ды народам, як канём,
У нябыт, у ноч кіруюць.
На Дзяды хоць спамянём
Паіменна іх, хай чуюць!

Змыем, счысьцім, сплюнем гразь.
Злазь, брыда, з народа, злазь!






Каб спраўдзілася на Беларусі ў новым, 1989 годзе!..

Каб чыстым дыхалі паветрам
і грудзі нашы, й нашы душы,
каб зьніклі ўсе, хто нашы нетры,
балоты ды лясы парушыў.
Каб зноў сьпявалі нашы вёскі,
у рэчках каб сінелі хвалі...
Каб лёсы нашы не зламалі
Язэпа-ката падгалоскі...
Каб зьбег, нарэшце, у адстаўку
наш “вечны ідыёлух” – Саўка...
(Чацьвёрты год перабудовы –
а ён, як і заўжды, гатовы
крышыць ушчэнт свабоду слова –
цяпер – у хеўры Сакалова)...


Вядзьмак Менскі





Зьмест:

Паўлюк Задзірасты
Як мяне адваджвалі ад “Талакі”
(паэма)
1

Вядзьмак Лысагорскі-меншы
Сказ пра Саўку Паўлава і групу хуткага адпору
(паэма)
15

Вядзьмак Менскі
Наказ народным дэпутатам
(верш)
29

Паўлюк Задзірасты
Нарабілася бяды у нядзельку на “Дзяды”
(паэма)
30

Вядзьмак Менскі
Каб спраўдзілася на Беларусі ў новым, 1989 годзе!..
(верш)
43



Ультыматум Ведзьмакам і Задзірастым!

Калі 5 дня наступнага месяца не зьявіцеся з пашпартамі і чарнавікамі твораў па ганарар, то ўжо 6 дня пералічым яго ў фонд Беларускага Народнага Фронту за перабудову “Адраджэньне”.

Адрас рэдакцыі:
сталіца Беларусі,
праспэкт Францішка Скарыны,
хата № 222, 111 паверх,
рэдакцыя “САМВЫД”.

Цана (па дамоўленасьці)

прачытаў?
перадай другому!

ужо 20 гадоў амаль ...

Date: 2007-03-24 09:40 am (UTC)
From: [identity profile] ashott.livejournal.com
Эх, ці хто у Менску ведаў,
Колькі кормім дармаедаў!
Пры пагонах, пісталетах,
Пры дубінках, пры жылетах,
Пры шчытах, з балёнам газу,
Як пламеты, як заразы.
Быць і біць. Альтэрнатывы
Не дапусьцяць дырэктывы.

Re: ужо 20 гадоў амаль ...

Date: 2007-03-24 07:05 pm (UTC)
From: [identity profile] miram.livejournal.com
1:9 Что ест еже было, едино тое ж еже еще будущее будеть.
1:10 Ничто же ест новаго под солнцем, и ниже можеть кто рещи се тое то ново ест. Понеже и тое уже ест предошло в тых вецех, еже беша пред нами.
(http://miram.livejournal.com/387343.html)

December 2025

S M T W T F S
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28 2930 31   

Style Credit

Expand Cut Tags

No cut tags
Page generated Jan. 9th, 2026 04:13 pm
Powered by Dreamwidth Studios