miram: (Default)
[personal profile] miram
(Для [livejournal.com profile] xenos_by, адсюль.)

Афіцыйная літаратурная норма -- на -е, але ў гаворках ня менш часта сустракаецца і -ё.



У Мяцельскай і Блінавай, "Беларуская дыялекталогія. Практыкум", Мн., 1991, с. 139:

Дзеясловы I і II спражэнняў у 2-й асобе множнага ліку маюць у паўднёва-заходнім дыялекце форму з націскным канцавым -е: н'ес'ац'Е, б'ерац'Е, ідз'ац'Е, в'ез'ац'Е, маўчыц'Е, с'п'іц'Е; у паўночна-ўсходнім -- з націскным канцавым -о: б'арыц'О, с'адз'іц'О, пас'п'іц'О, маўчыц'О (карта 21). У асобных гаворках Гродзенскай, заходняй часткі Брэсцкай абласцей ужываецца форма з націскам на тэматычным -е: гл'адз'Ец'е, с'адз'Ец'е, раб'Ец'е, крычЭц'е. Формы з націскным канцавым (с'ц'еражац'Е, ідз'ац'Е) -- норма літаратурнай мовы.


Тое ж разьмеркаваньне відаць у ДАБМ, мапы 152, 155.

У Тарашкевіча, 5 выд., гэтыя канчаткі даюцца дваяка: несяцЁ, берацЁ (1 спр.), але сядзіцЕ, маўчыцЕ (2 спр.). У якіх гаворках ёсьць такая дыстрыбуцыя, няясна. Можна думаць, што ён хацеў такім парадкам даць месца ў сваім правапісе абодвум варыянтам, каб для носьбітаў ніводнай з буйных гаворак ягоны правапіс не ўспрымаўся як чужы.

Язэп Лёсік сваю пазыцыю што да гэтага пытаньня мяняў. У прадмове да 8 выд. "Беларускага правапісу" (1929) паведамляецца:

Апроч таго, зьменена адно правіла правапісу: форма абвеснага ладу 1-га спражэньня з націскам на канчатку -іцё -ыцё (нясіцё, пячыцё) заменена формай на -яце -аце (несяце, пячаце), дзе я, як у першым складзе перад націскам, бо форма на іцё ў такіх разох не адпавядае вымове і становіць нічым неабаснованае выключэньне.


Трэба разумець, што ў выданьнях 1-7 гэтыя канчаткі разьмяркоўваліся паводле Тарашкевіча, пакуль аўтар не перадумаў.

"Беларускі правапіс" Антона Лёсіка (1943), рэкордна сьціслы, проста дапускаў абодва варыянты: "несяце(ё)".

У рэформе 1933 г. быў пункт:

21. Выключыць паралельныя формы дзеясловаў на "яце", "іце" першага спражэньня цяперашняга часу другой асобы множнага ліку; пісаць толькі: працуеце, чытаеце, ідзеце, вядзеце, нясеце.


Пастанова 1957 г. адкаціла гэта назад, але не да Тарашкевіча, а толькі да Лёсіка:

VII. Правапіс дзеясловаў

Дзеясловы абвеснага ладу цяперашняга часу першага спражэння ў першай асобе множнага ліку ў адпаведнасці з літаратурнай нормай пісаць пад націскам з канчаткамі -ОМ, -ЁМ, а не пад націскам - з канчаткамі -АМ, -ЕМ: бяром, сцеражом, ідзём, нясём, кладзём; пішам, мажам, рэжам, чытаем, будуем, вывучаем;

у другой асобе множнага ліку, калі націск падае на апошні склад, - з канчаткамі -АЦЕ, -ЯЦЕ: бераце, сцеражаце, ідзяце, несяце, кладзяце, а не пад націскам -АЦЕ, -ЕЦЕ: рэжаце, пішаце, будуеце, сееце, чытаеце.


Аднак варыянтнасьць тут, здаецца, у нейкай ступені дапускалася і пазьней. У П.Я.Юргелевіча, Курс суч. бел. мовы з гіст. каментарыямі, Мн., 1974, с. 230 -- "нес-яце(-яцё, -еце)", с. 231 -- "ясце(-ё), дасце(-ё)".

Сучасная афіцыйная граматыка, сьледам за Язэпам Лёсікам, як бачым, уніфікавала гэтыя канчаткі паводле ПдЗ гаворак, і згодна з ёю паўсюль -е: берацЕ, п'яцЕ, як маўчыцЕ, седзіцЕ.

Date: 2008-05-26 08:00 am (UTC)
From: [identity profile] xenos_by.livejournal.com
ууууу! Вялікі дзякуй! =)
Зараз усё зразумела.

Date: 2008-05-26 10:50 am (UTC)
From: [identity profile] gwlan.livejournal.com
мяне больш цікавяць канчаткі 1-е асобы мн.ліку: -ем ды -эм пад націскам усё ж трэба лічыць толькі формамі загаднага ладу або дапускаецца іхняе ўжываньне і ў якасьці флексій для цяперашняга часу?

December 2025

S M T W T F S
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28 2930 31   

Style Credit

Expand Cut Tags

No cut tags
Page generated Jan. 10th, 2026 08:47 pm
Powered by Dreamwidth Studios