Ідэалагічная дывэрсія ў "Нёмане"
Jul. 17th, 2008 02:58 am"Дарагі прэзыдэнт Картэр! Пішуць Вам савецкія піянэры. Мы прачыталі ў "Піянэрскай праўдзе", што амэрыканскія рабочыя недаядаюць. Ці не маглі б Вы прысылаць нам тое, што яны не даядаюць?"
Герой, архітэктар паводле адукацыі, БНФ-авец, уцякае з Менску на Захад у другой палове 1990-х, нейкі час туляецца па Эўропе, потым перабіраеца ў Амэрыку, там жэніцца і асядае, ажно прыяжджае ў адведкі на радзіму. Тут яму ўсе так рады, усё так добра і ён так запатрабаваны, што ён расчароўваецца і ў апазыцыйных ідэях, і ў заходнім жыцьці. Да таго ж, вядома, і дзеўку ладную знаходзіць. У фінале герой адлятае ў Амэрыку, каб разьвязацца з мінулым і вярнуцца неўзабаве дадому -- у Беларусь.
Уся прапагандысцкая канструкцыя адзін у адзін сьпісана з савецкіх узораў. Адзіны антысавецкі момант, заўважаны пры беглым праглядзе, -- гэта пара фраз пра Беларусь як "прыдатак Масквы", чамусьці толькі ў пасьляваенны час. Хто падаў бы такое ў друк за Саветамі, агроб бы як мае быць.
Тым ня менш пільнасьць падвяла. Аповесьць зьмяшчае прынамсі адну ідэалагічную дывэрсію.
Паводле сюжэту, герой у Эўропе займаецца самай некваліфікаванай працай: "Мытье посуды, сбор овощей, погрузка мебели… " Як доўга? Уцёк ён неўзабаве пасьля Пазьняка, гзн. не раней за 1996 г. На радзіму прыяжджае не раней за 2006 г. (аграгарадкі, Нацыянальная бібліятэка). Перад гэтым ня менш як два гады (бо множны лік) і наўрад ці больш за тры (бо, жанаты з амэрыканкаю, яшчэ ня мае грамадзянства) жыве ў ЗША. Такім чынам, можна лічыць, што ў Эўропе герой праводзіць каля 8 гадоў.
За гэты час яму на некваліфікаванай працы ўдаецца сабраць 8 тыс. даляраў -- з такой сумай ён перабіраецца ў Амэрыку. Гэта значыць, што ён адкладаў у сярэднім сама менш тысячу даляраў штогод, або ад 80 і вышэй штомесяц. А колькі зарабляў? Аўтар, вядома, ня кажа, але звычайна лічыцца, што адкладаць трэба 10% ад заробку. Тады выходзіць, што месячны заробак героя быў парадку 800-900 даляраў? То колькі павінен зарабляць (нават улічваючы розьніцу ў коштах жыцьця) беларускі чорнарабочы, каб адкладаць гэтулькі ж?
Твор, які правакуе падобныя думкі, у школьныя праграмы ўключаны быць ня можа. Хіба што сакрамэнтальную лічбу заменяць нейкімі агульнымі словамі.