miram: (Default)
[personal profile] miram
Дзякуй [livejournal.com profile] vadim_i_z, што знайшоў і перавёў у HTML новапрынятыя правілы правапісу. Рыцца яшчэ доўга, пакуль пра першае, на што вока ўпала.


§ 26. Вялікая і малая літары ў найменнях асоб, звязаных з рэлігіямі, назвах міфалагічных і казачных герояў



1. З вялікай літары пішуцца:



найменні найвышэйшых божастваў (бостваў) у рэлігійных культах, а таксама ўсе словы ў спалучэннях, якія змяшчаюць гэтыя назвы: Бог, Саваоф, Алах, Яхве, Шыва, Вішну; Госпад (Гасподзь), Усявышні, Уладыка Нябесны, Усемагутны Бог, Святая Тройца, Бог Айцец, Бог Сын, Божы (Боскі) Сын, Бог
Дух Святы
, Святы Дух, Прасвятая Тройца, Божая (Боская) Маці, Прачыстая Уладычыца Нябесная, Прасвятая Дзева Марыя, Царыца Нябесная, Месія;



Але ж, здаецца, толькі ў хрысьціянстве Мэсія і "найвышэйшае боства" шчасьліва супалі ў адной асобе; ні юдэі, ні мусульмане, у чыіх рэлігіях гэтае паняцьце таксама ёсьць, яго не абагаўляюць.

Дзіўна выглядае патрабаваньне капіталізацыі ўсіх словаў у спалучэньнях -- ці любых? -- якія зьмяшчаюць назву "найвышэйшага боства": здаецца, "Усемагутны Бог" -- ня ўстойлівая назва, а проста адзін з мноства магчымых эпітэтаў, дапасаваны да імя Бога. А калі, прыкладам, каторы бязбожнік кажа пра "праклятага Бога", "ненавіснага Бога" -- ці трэба і тут кожнае слова пісаць з вялікай літары?

прыметнікі, утвораныя ад слова Бог: Божы (Боскі) суд, Божы (Боскі) храм, Божая (Боская) міласць;



Такім чынам, з вялікай літары давядзецца пісаць: скульптура Давіда выйшла з-пад Боскага разца Мікелянджэла, подзьвігі Боскага Аляксандра Македонскага (абвешчаны богам у 332 г. да н.э.)? Здаецца, аўтары правілаў забыліся, што нават у Бібліі не пра аднаго бога ідзе гаворка. Акрамя таго, здаецца, "божы/Божы" -- прыметнік прыналежны, а "боскі" -- адносны; гэтая розьніца павінна ўплываць на іх капіталізацыю. Ніжэй гаворыцца пра выпадкі, калі слова "бог" пішацца з малой літары, але пра тое, што і прыметнік ад яго ў гэтым значэньні мае таксама пісацца з малой літары, няма згадкі.

асабовыя імёны (і ўсе словы ў састаўных асабовых назвах, акрамя агульных назваў) заснавальнікаў рэлігійных вучэнняў, а таксама біблейскіх асоб (апосталаў, прарокаў, святых і інш.): Ісус Хрыстос, Буда, Брахма; Іаан Хрысціцель, Святы Павел;



Няясна, навошта гэты пункт вылучаць асобна, калі ўсё роўна асабовыя імёны пішуцца з вялікай літары.

Зьвяртае ўвагу на сябе апошні прыклад. Ён ідзе насуперак правілу, якое дзейнічае ў расейскай мове і, праз аналогію, мусіла дзейнічаць і ў нас да апошняга часу таксама: пры імёнах сьвятых слова "сьвяты" пішацца з вялікай літары толькі ў назвах храмаў. Вось царква Сьвятога Паўла, а ў ёй абраз сьвятога Паўла.

Далей, застаецца няясным, ці трэба пісаць з вялікай літары тых сьвятых, якія ў Бібліі не фігуруюць. Калі трэба -- то чаму стаіць абмежаваньне наконт біблейскіх асоб; калі не -- то для карыстаньня гэтым пунктам правілаў трэба ведаць паказальнік імёнаў да Бібліі напамяць, што ў наш разбэшчаны век праблематычна.

Далей, застаецца няясным, як разумець удакладненьне ў дужках. Прыклад нешта не прыдумляецца.

імёны легендарных і міфічных асоб, язычніцкіх багоў: Антэй, Зеўс, Тытан, Венера, Фурыя, Дажбог, Жыжаль, Пярун, Цмок, але як агульныя назвы: пярун –– удар грому, іуда (юда) –– здраднік, цмок –– змей, тытан –– волат, фурыя –– злосная істота;



Аказваецца, у наш разбэшчаны век і з паганскай міфалогіяй таксама нялёгка. Тытан -- не імя, а назва цэлай катэгорыі міфалагічных асобаў: алімпійскія багі змагаліся з тытанамі, адужалі і закінулі іх у Тартар. Фурыяў (багіняў помсты) таксама ня менш за тры (Тызыфона, Алекта, Мэгера), а паводле іншых вэрсіяў, аж да дзясяткаў тысяч.

UPD: як зьвярнуў увагу [livejournal.com profile] vadim_i_z, апостал Юда чамусьці фігуруе тут у ліку "легендарных і міфічных асоб", а не "біблейскіх асоб (апосталаў, прарокаў, святых і інш.)", пра якіх ідзецца ў папярэднім пункце, і ў гэтай паганскай кампаніі глядзіцца досыць дзіўна.

уласныя назвы ўяўных і казачных істот, герояў літаратурных твораў: Папялушка, Чырвоная Шапачка, Калабок, Снягурка, Дзед Мароз, Баба Яга, Пегас, Буцэфал, Атлант, але як агульныя назвы: дзед-мароз –– ёлачнае ўпрыгожанне, баба-яга –– агідная старая, буцэфал –– стары конь, атлант –– у архітэктуры;



Аказваецца, у наш разбэшчаны век нялёгка і са сьвецкай гісторыяй. Буцэфал -- рэальны конь рэальнага Аляксандра Македонскага; ні на ўяўную, ні на казачную істоту ён ня цягне, а калі лічыць яго ня больш як героем літаратурнага твору -- напрыклад, Плутархавага жыцьцяпісу Аляксандра -- дык чаму тады не лічыць такім літаратурным (а не гістарычным) пэрсанажам і самога Аляксандра? Далей, чаму як агульная назва "буцэфал" азначае раптам "стары конь", калі гістарычны Буцэфал праславіўся сілай і неўтаймоўным норавам, а зусім ня старасьцю (хоць і сканаў у вельмі паважным, як на каня, трыццацігадовым веку)? Яго часам з Расінантам не пераблыталі?

агульныя назвы істот, а таксама з’яў і прадметаў, калі яны персаніфікуюцца, выступаюць у ролі імёнаў герояў літаратурных твораў (у казках, байках і інш.): Мядзведзь, Воўк, Ліса (Ліска), Заяц (Зайка), Асёл, Каза-дзераза, Коцік-варкоцік, Варона, Сарока-белабока, Воран, Певень, Бусел-клекатун, Карась-лежабок, Сонца, Праўда, Крыўда і інш.



2. З малой літары пішуцца:



слова бог (гасподзь) ва ўстойлівых выразах, звязаных з выказваннем розных пачуццяў у прастамоўі, а не са зваротам да Бога паводле рэлігійнай абраднасці і ўяўленняў: бог яго ведае, божа (божачка) ты мой, божа збаў, дай божа, крый бог (божа), не давядзі бог (божа, госпадзі), ратуй божа, дзякаваць (дзякуй) богу (табе, госпадзі), бог з табой (з ім, з вамі), алах з ім;



[livejournal.com profile] priestal, калі я пажадаю вам добрага здароўя, як вы адкажаце -- "дай божа" ці "дай Божа"? Калі сьвятар ці проста вернік "выказвае розныя пачуцьці ў прастамоўі" -- ці пусты для яго гук трэцяя запаведзь ("Не возмеши имени Господа Бога твоего всуе")? А як гэта адрозьніць на практыцы -- высьвятляць у кожнага, "како вѣруеши"?

слова бог з агульным значэннем боства ў спалучэнні з асабовай назвай або з назоўнікам з агульным значэннем у родным склоне: старажытны славянскі бог Пярун, бог сонца Дажбог, Сварог –– бог неба;



Здавалася б, ад гэтага агульнага значэньня і прыметнік павінен быў бы пісацца з малой літары; аж не, пра гэта ні слова.

UPD: Далей, няясна, чаму напісаньне слова "бог" у агульным значэньні абмяжоўваецца толькі двума пералічанымі спалучэньнямі. "Быў такі грэцкі бог, які..." "Нейкі добры бог дапамог"... "Калі багі нам паспрыяюць"...

агульныя назвы ўяўных істот: архангел, анёл, херувім, фея, муза, дамавік, лясун, русалка, гном, троль, здань, хохлік і інш.



Хрысьціяне, чаго вы моліцеся архангелу Міхаілу -- ён жа ўяўны! І сьмех і грэх.

Date: 2008-07-26 11:33 pm (UTC)
From: [identity profile] ygam.livejournal.com
Бог сидит Себе-посиживает на небесах.

Date: 2008-07-27 12:11 am (UTC)
From: [identity profile] miram.livejournal.com
Пра займеньнікі, дарэчы, увогуле ні слова.

Date: 2008-07-27 06:38 am (UTC)
From: [identity profile] vadim-i-z.livejournal.com
Аказваецца, у наш разбэшчаны век і з паганскай міфалогіяй таксама нялёгка
Согласен со сказанным про титанов и фурий, но какого ... евангельский Иуда попал в языческую компанию?

Date: 2008-07-27 06:53 am (UTC)
From: [identity profile] miram.livejournal.com
І то праўда. Зараз дапоўню.

Date: 2008-07-27 09:40 am (UTC)
From: [identity profile] balachon.livejournal.com
божачкі

Date: 2008-07-27 10:13 pm (UTC)
From: [identity profile] miram.livejournal.com
Выказваеш розныя пачуцьці? Правільна, з малой літары :)

Date: 2008-07-27 11:37 am (UTC)
From: [identity profile] dassax.livejournal.com
З канём перастараліся :)))) І з рэвалюцыямі таксама: Кастрычніцкая але лютаўская :)) А яшчэ горад _Булонь-сэр-Мэр_ прыдумалі і народ _цэйлонцы_ (усюды падаецца як устарэлае)

Date: 2008-07-27 11:57 am (UTC)
From: [identity profile] miram.livejournal.com
Булонь-сэр-Мэр -- c'est superbe. І гэта не адзіная такая памылка. Славутага кітайскага паэта завуць Тао Юаньмін (Tao Yuanming), а ня Тао Юаньмінь, як яны ўзаконілі. Славутага кітайскага філосафа -- Ван Янмін (Wang Yangming), а ня Ван Янмінь, як у новых правілах. Вядома, поруч з імі ў Кітаі былі і ёсьць дзясяткі тысяч нікому не вядомых Тао Юаньміняў і Ван Янміняў, але ж!

Date: 2008-07-27 02:35 pm (UTC)
From: [identity profile] maksim-l.livejournal.com
Мужыкі, аб чым гаворка, у рэчаіснасці нічога не зменіцца -- хто як пісаў той так і будзе пісаць. Гэта чыста палітычная акцыя напярэдадні вялікіх знешнепалітычных і ўнутраных праблем, калі мова відаць будзе ўзятая да двара, але нельга ж паслугоўвацца мовай "адмарозкаў", во і зрабілі тыпа сваю.

Date: 2008-07-27 09:47 pm (UTC)
From: [identity profile] miram.livejournal.com
Магчыма; хоць мне здаецца, што тут на першым месцы бюракратычныя гульні (як сказаў Цыхун) і амбіцыі аўтараў. А рэальна, сапраўды, зьмены будуць мінімальныя. Школьнікаў шкада. Дарослым дзядзькам нішто, а гэтым лішняя коска на іспыце можа лёс паламаць.

Date: 2008-07-27 09:53 pm (UTC)
From: [identity profile] miram.livejournal.com
А дзе прыкметы таго, што мову маюць "узяць да двара"? Пакуль што ані ня бачу. Калі не лічыць самога факту, што пра яе падбалі -- як заўсёды, бульдозэрам.

Date: 2008-07-28 12:52 pm (UTC)
From: [identity profile] wal-de-maar.livejournal.com
ну хаця б паглядзець на канцэрт-адкрыцьцё апошняга Славянскага Базару(ці слушна напісаў? :))..

Date: 2008-07-28 01:55 pm (UTC)
From: [identity profile] miram.livejournal.com
А што на тым адкрыцьці было?

Наконт [С\с]лавянскага [Б\б]азару -- нішто, маем года паўтара, каб разабрацца ва ўсіх гэтых фурыях :)

Date: 2008-07-28 02:16 pm (UTC)
From: [identity profile] wal-de-maar.livejournal.com
Адкрыцьцё было даволі якасна зладжанае(апэратарскае праца, касьцюмы, відэашэраг, вядучыя) і, як ні дзіўна, амаль спрэс беларускамоўнае - я дык быў вельмі зьдзіўлены.

Date: 2008-07-28 03:39 pm (UTC)
From: [identity profile] miram.livejournal.com
Ясна, дзякуй. Прыкмета добрая, але з адзінкавых такіх выпадкаў далёкасяжныя высновы я б не рабіў. Л. зрэдку сам выступае па-беларуску, і што?

Date: 2008-07-29 09:02 am (UTC)
From: [identity profile] wal-de-maar.livejournal.com
Сапраўды для нейкіх агульных высноваў ранавата, а вось тым што Л. выступае па-беларуску вы мяне зьдзівілі - калі такое было апошні раз?
Я дык, апроч інаўгуарацыі 2006, даўно нічога такога не чуў.

Date: 2008-07-29 12:59 pm (UTC)
From: [identity profile] miram.livejournal.com
На Дзень незалежнасьці бывала. Але мне тут падказваюць, што ўжо прынамсі пару гадоў і тут па-расейску.

Date: 2008-07-28 09:19 pm (UTC)
From: [identity profile] maksim-l.livejournal.com
У ізаляцыі заўсёды пачынаецца чучхэ, уяві як Кім Чэн Ір і ўсё Ягонае кутло па-мерыканску шпрэхаюць. Уявіў? Тут усё быццам відавочна, будзем уздываць любоў да Айчыны, бо вакол ворагі мацкалі, а на захад ворагі яшчэ страшнейшыя -- на ніпанятным ізыке гаварат.

Date: 2008-07-29 01:26 pm (UTC)
From: [identity profile] miram.livejournal.com
Ізаляцыі накшталт паўночна-карэйскай ці кубінскай тут, мабыць, і ня будзе: краіна транзытная, эканоміка экспартна-арыентаваная, прыродных перашкод на межах няма.

Сын Кім Чэн Іра, як пішуць, вучыўся ў Швайцарыі і па-ангельску гаворыць добра.

Date: 2008-07-27 09:04 pm (UTC)
From: [identity profile] iten.livejournal.com
не буду ничего писать на доске больше, никогда! опозорюсь.

Date: 2008-07-27 09:57 pm (UTC)
From: [identity profile] miram.livejournal.com
Баюся, гэткая рэакцыя будзе масавай. А гэта такая шкода, якая зацьміць сабой любую карысьць ад новага правапісу, if any.

December 2025

S M T W T F S
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28 2930 31   

Style Credit

Expand Cut Tags

No cut tags
Page generated Jan. 7th, 2026 02:26 am
Powered by Dreamwidth Studios