miram: (Default)
[personal profile] miram
Паслухаў Лукашанца на Радыё tut.by (MP3 21,57 MB).

Гаворыць не без запінак, але кругла. З адметнасьцяў маўленьня — "на працягУ" (у слоўніках, утл. апошнім пад ягонай рэдакцыяй, націск на канчатку ў склонавых формах гэтага слова не адзначаны, хоць на практыцы пашыраны), "па крайняй меры" замест "прынамсі" (і тое, і другое — ня раз, то бок сыстэмна). На паасобных агаворках я б не акцэнтаваўся — сёньня ніхто не бязгрэшны.

Паколькі пасада ягоная напалову ідэалагічная, то і гаварыў адпаведна — больш гладка, чым зьмястоўна, часам крыху Латушка-стайл. Курсівам -- даслоўныя цытаты. Канспэкт выбарачны.



У перакладзе "воінскіх статутаў" -- 700 старонак, кажа, і судзіць такую вялікую працу па трох словах нельга. Але сказаў і пра іх.

Пра "сьмірна" — "сапраўды, з аднаго боку як бы ствараецца ўражаньне, што гэта чысты русізм. Магчыма, гэта і так". Але слова "сьмірны" з вытворнымі "даўно вядома ў беларускай мове, бо гэта слова славянскага паходжаньня", было і ў старабеларускай, і "добра вядома сучасным беларускім гаворкам" ("сьмірны", "усьмірыць", "прысьмірыць"). А цяпер яно ў беларускай мове "скажам так, захавалася, замацавалася" толькі ў адной сфэры — у ваеннай (і ў гэтым беларуская спэцыфіка, у адрозьненьне ад рускай мовы, дзе ўжываньне шырэйшае) — і "абсалютна дакладна перадае зьмест каманды, якую яно называе". (Hello, White Knight!)

Згадаў, што ў РБС Александровіча 1937 году было "зважай", але "з пункту погляду сучаснай лексычнай сістэмы беларускай мовы" "зважай" мае сэнс прыцягненьня ўвагі. Акрамя таго, гэты слоўнік "часта многімі спэцыялістамі і прыхільнікамі беларускай мовы ацэньваецца як няўдалы прыклад русіфікацыі слоўнікавага складу беларускай мовы, але гэта ўжо іншае пытаньне". (Нельга не пагадзіцца, што "іншае" і што "ацэньваецца", але як "прыклад русіфікацыі" РБС-37 якраз быў досыць удалы.)

У якасьці апраўданьня слова "строй" (або "стройны"?) быў прыведзены радок з верша Алеся Звонака "Беларускія жанчыны": "Станам стройныя бярозкі, што павыбеглі край руні". "Раўняйся" — зусім нармальнае беларускае слова, а "марш" у "Крокам марш" — не русізм, а галіцызм або германізм.

Выклічнік "руш" тут зьвязаны з дзеясловам "рушыць", прычым ён размоўны, што нядобра, а да таго ж у сучаснай мове мае іншыя значэньні. Вось Паўлінка пяе частушку (sic) "Ня руш мяне за падолік", дзе "руш" у іншым сэнсе — то ў каманду ўстаўляць яго будзе недакладна.

Досыць нечакана прагучаў наступны пасаж: "Ну, канечне, можна радзі жарту прывесьці такія прыклады, якія часам абмяркоўваюцца, там "натапырыцца / растапырыцца" — "сьмірна / вольна", але я ня знаю, ці на карысьць гэта беларускай мове, калі нават глядзець на яе ў дачыненьні да выкарыстаньня ў сфэры воінскага жыцьця". На жаль, прафэсар не ўдакладніў, прыклады чаго ён тут прывёў.

Яшчэ дэталь, што Мінабароны, аказваецца, шукала перакладчыка на статуты шляхам тэндэру. Дагэтуль пра арганізацыйна-матар'яльны бок справы мы ведалі толькі, што за працу яно інстытуту заплаціла нейкія "невялікія" грошы (канкрэтная сума не называлася). "Я ведаю, што праводзіўся тэндэр на ажыцьцяўленьне гэтага перакладу, прыватна ў інтэрнэце была вывешана сама прапанова, але ніхто не пагадзіўся". Нешта наша інтэрнэтная публіка такога не заўважала. Цікава было б паглядзець, як выглядаюць і дзе ляжаць абвесткі пра тэндэры Мінабароны. Дарэчы, нідзе не прабягала і тое, хто пэрсанальна рыхтаваў пераклад.

Прычына памнажэньня русізмаў — уплыў суседніх моў, але ў значнай меры ён ілюзорны. Інтэрнацыяналізмы (камп'ютар, прынтар) — не русізмы, яны аднолькава пранікаюць ва ўсе мовы, але ствараюць уражаньне, што аднолькавых слоў больш. І ёсьць агульнаславянская і агульнаўсходнеславянская лексыка, якая таксама "стварае ілюзію ўплыву рускай мовы". Расказаў пра пурызм, але назваў яго "тэндэнцыяй да нацыяналізацыі", якая назіраецца "на сёньняшнім этапе разьвіцьця сыстэмы беларускай літаратурнай мовы" (ня быў бы то прафэсар, каб у адзін дух такога ня выгаварыў).

Пра рэальную роўнасьць Р і Б моваў — адказаў не ад імя інстытуту, а ад свайго як спэцыяліста. Праблема, кажа, не ў заканадаўстве, а ў комплексе практычных мер па рэалізацыі раўнапраўя. "Дзяржава як гарант Канстытуцыі" павінна забясьпечыць права карыстацца любой дзяржаўнай мовай. "Мы з вамі як грамадзяне можам карыстацца любой дзяржаўнай мовай у сваёй дзейнасьці. Але калі мы знаходзімся з вамі недзе на сваім рабочым месцы — то мы ўжо зьяўляемся ня проста грамадзянамі, а прадстаўнікамі дзяржавы, і як прадстаўнікі дзяржавы павінны забясьпечыць іншым права карыстацца любой мовай": на якой мове да нас зьвяртаюцца — на той і адказваць. Гэта досыць нетрывіяльнае ўяўленьне пра ўзаемаадносіны грамадзяніна і дзяржавы (як і вышэй -- дзяржавы і Канстытуцыі), і нават калі прафэсар проста забыўся ўдакладніць, што мае на ўвазе толькі чыноўнікаў, c'est таксама un grand signe.

Займацца разьмяшчэньнем у сеціве беларускіх тэкстаў інстытут не зьбіраецца — гэта справа бібліятэк. Вось у Нацыянальнай бібліятэцы нешта нейкае залічбоўваюць; з удзелам супрацоўнікаў інстытуту падрыхтавана і ўжо растыражавана электронная вэрсія Слуцкага Эвангельля (хто і дзе яе бачыў?). Але Л. пагадзіўся, што "патрэбна нейкая мэтанакіраваная работа на тое, каб больш шырока і сыстэмна асьвятляць дзейнасьць і вынікі і характар дзейнасьці нашага інстытута ў сродках масавай інфармацыі, у тым ліку ў інтэрнэце. Мы будзем працаваць над гэтым".

Паведаміў аптымістычныя навіны: "У інстытуце рыхтуецца фонд беларускай мовы, дзе таксама накапліваюцца беларускамоўныя тэксты, самыя розныя, і навуковыя, і слоўнікі, і мастацкія тэксты, для таго каб працаваць са слоўнікавым складам як спецыялістам. Гэты фонд беларускай мовы стане ў бліжэйшы час базай для падрыхтоўкі новага, поўнага сучаснага тлумачальнага слоўніка беларускай мовы". Фонд = корпус ці проста кучавелька файлаў? Корпус, як ведаю, рыхтуецца.

Журналісты спыталіся, ці будзе гэты слоўнік выкладзены ў інтэрнэт: "Як будзе падрыхтаваны, я думаю, што будзе выкладзены". Гэта была адзіная абяцанка публікаваць, а ня толькі асьвятляць дзейнасьць. Згадаў, што ўжо некаторыя слоўнікі ёсьць у інтэрнэце, у прыватнасьці РБС.

На пытаньне, як вывучыць мову, адказаў: трэба пачынаць гаварыць і чытаць па-беларуску, гэта асноўнае. Школа дае дастаткова ведаў, але для актыўнага карыстаньня мовай не хапае моўнай практыкі і моўнага асяродзьдзя, таму трэба практыкаваць сваю беларускую мову -- заадно і асяродзьдзе будзе стварацца. А яшчэ добра, што ў гарадзкі транспарт яна ўкараняецца. Я паслухаў, кажа, — добрая літаратурная мова, ня знаю, якія там прэтэнзіі да яе.

Абяцаў на астатнія пытаньні адказаць пісьмова, але дагэтуль на форуме адказы не зьявіліся. Некалькі разоў паўтараў, што трэба не сварыцца, а канструктыўна супрацоўнічаць. Тэма пра пераклад статутаў скончылася гэтак:

"Я хацеў бы заклікаць усіх прыхільнікаў беларускай мовы, якія на самой справе зацікаўлены ў тым, каб беларуская мова разьвівалася і пашыралася яе выкарыстаньне ва ўсіх найбольш важных і актуальных сферах сучаснага жыцьця, менавіта да канструктыўнага дыялогу і супрацоўніцтва, тыму што толькі агульнымі намаганьнямі магчыма зрабіць гэту важную, карысную і неабходную для сучаснага жыцьця беларускага грамадзтва справу. А ахайваньне, скажам так, работы, выкананай іншымі, не прыносіць вялікай карысьці, наадварот, сам[о] адштурхоўвае ад выкарыстаньня беларускай мовы ў тых сфэрах, у якіх яна па крайняй меры праяўляе тэндэнцыю да пашырэньня выкарыстаньня".

Date: 2010-02-22 01:17 am (UTC)
From: [identity profile] zajac.livejournal.com
неяк трохі грустно

December 2025

S M T W T F S
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28 2930 31   

Style Credit

Expand Cut Tags

No cut tags
Page generated Jan. 7th, 2026 09:09 am
Powered by Dreamwidth Studios