miram: (Default)
[personal profile] miram
Патрэбнасці мяркуюць свабоду.

Жыллё — уласнасць яго жыхара.




Патрэбнасці. Свабода чалавека няпоўная, калі яго патрэбнасцямі кіруюць іншыя. Імкненне да задавальнення патрэбнасцей можа весці да заняволення чалавека чалавекам, эксплуатацыя таксама нараджаецца патрэбнасцямі. Задавальненне патрэбнасцей — рэальна існуючая праблема, і, калі не сам чалавек кіруе сваімі патрэбнасцямі, узнікае барацьба.

Жыллё з'яўляецца асноўнай патрэбнасцю асобнага чалавека і сям'і, і таму яно не

[18]

можа належаць нікому іншаму. Чалавек, які жыве ў чужым доме, за плату ці бясплатна, не можа быць свабодным. Намаганні, якія прыкладаюць дзяржавы для вырашэння жыллёвай праблемы, ні ў самай малой ступені не вырашаюць яе, паколькі яны не накіраваны на радыкальнае і канчатковае вырашэнне пытання, г.зн. на тое, каб кожны чалавек меў уласнае жыллё. Звычайна, як у прыватным, так і ў грамадскім сектары ставілася толькі мэта панізіць, павысіць альбо нарміраваць плату за жыллё. Нельга дапусціць, каб у сацыялістычным грамадстве які-небудзь орган, у тым ліку і само грамадства, поўнаўладна распараджалася патрэбнасцямі чалавека. Ніхто не мае права будаваць жылы будынак, плошча якога перавышала б патрэбнасці чалавека і яго нашчадкаў з тым, каб здаваць лішкі ў арэнду, паколькі гэта закранае патрэбнасці іншых людзей. Будаўніцтва жылых будынкаў для здачы ў арэнду адкрывае шлях для замаху на патрэбнасці іншых людзей. Патрэбнасць жа мяркуе свабоду.

Сродкі існавання — гэта надзённая патрэбнасць чалавека. Паколькі ў сацыялістычным грамадстве няма наёмных работнікаў, а ёсць партнёры, то недапушчальна, каб сродкі існавання чалавека ў сацыялістычным грамадстве выплочваліся ў выглядзе зарплаты, выдаваемай якой-небудзь установай, або былі чыёйсьці міласцінай. Сродкі існавання — гэта не плата за прадукцыю, вырабленую чалавекам для кагосьці іншага, а альбо ўласнасць чалавека, якой ён сам распараджаецца для задавальнення сваіх патрэбнасцей, альбо яго доля ў вытворчасці, адным з асноўных элементаў якой ён з'яўляецца.

Сродкі перамяшчэння ёсць яшчэ адна надзённая патрэбнасць асобнага чалавека і сям'і. Нельга дапускаць, каб сродак перамяшчэння чалавека належаў камусьці іншаму. У сацыялістычным грамадстве ні асобна ўзяты чалавек, ні ўстанова не маюць права валодаць індывідуальнымі сродкамі перамяшчэння з мэтай здачы іх у арэнду, бо гэта замах на патрэбнасці іншых.

Зямля. Зямля не належыць нікому. Аднак кожны мае права карыстацца зямлёй на працягу свайго жыцця і жыцця нашчадкаў для задавальнення ўласных патрэбнасцей, працуючы на зямлі, апрацоўваючы яе ці скарыстоўваючы для выпасу жывёлы, наколькі дазваляюць яму ўласныя сілы, не выкарыстоўваючы пры гэтым чужой аплачанай ці бясплатнай працы. Калі дапусціць перадачу зямлі ва ўласнасць, дык валодаць ёю будуць толькі тыя, што жывуць сёння. Зямля — стабільны фактар, тыя ж, хто ёю карыстаецца, з цягам часу мяняюцца, змяняюцца іх заняткі, іх фізічныя сілы і само іх быццё.

Мэта новага сацыялістычнага ладу — стварыць шчаслівае грамадства, шчаслівае ў сілу сваёй свабоды, што ажыццяўляльна толькі пры задавальненні матэрыяльных і духоўных патрэбнасцей чалавека пры ўмове, што ніхто не будзе перашкаджаць задавальненню гэтых патрэбнасцей і кантраляваць іх.

Задавальненне патрэбнасцей павінна ажыццяўляцца без эксплуатацыі ці закабалення іншых, інакш яно ўвойдзе ў супярэчнасць з мэтамі новага сацыялістычнага грамадства.

Чалавек у новым грамадстве працуе альбо на сябе, каб забяспечыць свае матэрыяльныя патрэбнасці, альбо працуе для сацыялістычнага прадпрыемства, з'яўляючыся партнёрам у вытворчасці, альбо працуе ў сферы грамадскіх паслуг, і тады грамадства забяспечвае яго матэрыяльныя патрэбнасці.

Эканамічная дзейнасць ва ўмовах новага сацыялістычнага грамадства — гэта прадукцыйная праца дзеля задавальнення матэрыяльных патрэбнасцей, а зусім не праца, якая не стварае ніякіх даброт, альбо праца, якая мае на мэце прыбытак у імя накаплення, якое перавышае патрэбнасці. Апошняе немагчыма ў сілу новых сацыялістычных прынцыпаў.

Правамернай мэтай эканамічнай дзейнасці асобных людзей павінна быць задавальненне толькі іх уласных патрэбнасцей, таму што сусветныя рэсурсы, па крайняй меры ў кожны дадзены перыяд, абмежаваныя, як абмежаваныя багацці кожнага грамадства паасобку. Таму ніхто не мае права займацца эканамічнай дзейнасцю з мэтай прысваення гэтых багаццяў у колькасцях, якія перавышаюць уласныя патрэбнасці чалавека, бо лішак, што перавышае патрэбнасці чалавека, належыць па праву іншым. Чалавек мае права рабіць накапленні і змяншаць свае патрэбнасці за кошт вырабленага ім прадукта, а не за кошт працы іншых ці патрэбнасцей іншых. Калі дапусціць эканамічную дзейнасць у маштабах, якія перавышаюць задавальненне ўласных патрэбнасцей чалавека, то, атрымаўшы звыш сваіх патрэбнасцей, гэты чалавек тым самым перашкодзіць іншым задаволіць іх патрэбнасці.

[19]

Накапленне долі грамадскага багацця ў памеры, які перавышае патрэбнасці аднаго чалавека, з'яўляецца ўжо замахам на патрэбнасці іншага чалавека.

Нястрымнае імкненне прыватнай вытворчасці да накаплення, якое перавышае патрэбнасці, неабмежаванае выкарыстанне працы іншых людзей для задавальнення ўласных патрэбнасцей ці атрымання нечага звыш гэтых патрэбнасцей, г.зн. выкарыстанне аднаго чалавека і стварэнне накапленняў адных за кошт патрэбнасцей другіх — гэта і ёсць эксплуатацыя.

Праца за плату з'яўляецца не толькі рабствам, як сказана вышэй, але і працай без стымулаў, бо вытворца ў такім выпадку — наёмны рабочы, а не раўнапраўны партнёр.

Чалавек, які працуе на сябе, несумненна, адносіцца да вытворчасці добрасумленна. Яго добрасумленнасць стымулюецца тым, што ён працуе для самога сябе, для задавальнення ўласных матэрыяльных патрэбнасцей. Той, хто працуе на сацыялістычным прадпрыемстве і з'яўляецца партнёрам, таксама, безумоўна, добрасумленны ў сваіх адносінах да вытворчасці, і яго добрасумленнасць грунтуецца на тым, што вырабленая прадукцыя дазваляе яму задавальняць свае матэрыяльныя патрэбнасці. Той жа, хто працуе за плату, не мае стымулу ў працы.

Незалежна ад таго, ці ідзе гаворка аб сферы грамадскіх паслуг або аб вытворчай сферы, наёмная праца бяссільная вырашыць пытанне росту вытворчасці і яе ўдасканалення, яна характарызуецца хранічным спадам, таму што заснавана на працы наёмных работнікаў.

Вось некаторыя прыклады прымянення наёмнай працы ў грамадскім і ў прыватным сектары і працы неаплочваемай.

Прыклад першы

а) работнік вырабляе дзесяць яблыкаў для грамадства; грамадства за яго ўдзел у вытворчасці аддае яму адзін яблык, што цалкам задавальняе яго патрэбнасці;

б) работнік вырабляе дзесяць яблыкаў для грамадства; грамадства за яго ўдзел у вытворчасці дае яму адзін яблык, што менш той колькасці, якая задавальняе патрэбнасці работніка.

Прыклад другі

Работнік вырабляе дзесяць яблыкаў для другога чалавека і атрымлівае за гэта плату ніжэй кошту аднаго яблыка.

Прыклад трэці

Работнік вырабляе дзесяць яблыкаў для самога сябе.

Вывады

У першым прыкладзе (а) работнік не стане павялічваць прадукцыйнасць, таму што, як бы ён ні працаваў, ён атрымае толькі адзін яблык, што задаволіць яго патрэбнасці. Таму рабочая сіла, якая працуе на грамадства, вольна ці не, заўсёды пасіўная.

У першым прыкладзе (б) работнік не зацікаўлены ў вытворчасці, таму што вырабляе для грамадства, не атрымліваючы пры гэтым таго, што яму неабходна для задавальнення сваіх уласных патрэбнасцей. Аднак ён працягвае працаваць без усякага стымулу таму, што вымушаны падпарадкоўвацца агульным умовам працы, якія існуюць у грамадстве; і ў такім становішчы знаходзяцца ўсе члены грамадства.

У другім прыкладзе работнік працуе не дзеля таго, каб вырабляць, а каб атрымоўваць плату. Паколькі ж гэтая плата недастатковая для задавальнення яго патрабаванняў, то работнік шукае другога гаспадара, якому ён здолее прадаць сваю працу даражэй, або вымушаны працягваць працаваць, каб выжыць.

I толькі ў трэцім выпадку мы маем перад сабой прыклад таго, калі работнік працуе не пасіўна і не пад прымусам.

Паколькі ў сацыялістычным грамадстве адсутнічаюць магчымасці прыватнай вытворчасці, якая перабольшвае ўласныя патрабаванні індывідуума, і не дапускаецца задавальнення патрабаванняў адных за кошт іншых, і паколькі сацыялістычныя прадпрыемствы працуюць дзеля задавальнення патрабаванняў грамадства ўвогуле, трэці прыклад, такім чынам, ілюструе здаровую аснову эканамічнай вытворчасці. Аднак нават у самых неспрыяльных умовах, вытворчы працэс працягваецца таму, што работнік вымушаны падтрымліваць сваё існаванне. Гэта відавочна пацвярджаецца тым фактам, што ў капіталістычным грамадстве вырабы множацца і засяроджва-

[20]

юцца ў руках нямногіх уласнікаў, якія, не працуючы самі, вымушаны ўдзельнічаць у вытворчасці, каб выжыць. Зялёная Кніга не толькі вырашае праблему матэрыяльнай вытворчасці, але і ўказвае шлях да ўсеахватнага вырашэння праблем чалавечага грамадства з мэтай канчатковага матэрыяльнага і духоўнага вызвалення асобы і дасягнення ўсеагульнага шчасця.

Іншыя прыклады

Дапусцім, што грамадскае багацце складаецца з дзесяці ўмоўных адзінак і колькасць жыхароў таксама дзесяць. У гэтым выпадку на долю кожнага прыйдзецца 10:10, г.зн. адна адзінка грамадскага багацця. А калі нейкая колькасць членаў грамадства стане ўладальнікам большай часткі, то, значыць, другая частка членаў грамадства застанецца ні з чым, таму як іх частку грамадскага багацця прысвояць іншыя. Таму ў эксплуататарскім грамадстве існуюць багатыя і бедныя.

Цяпер дапусцім, што з пяці членаў гэтага грамадства кожнаму належаць дзве адзінкі багацця. Тады пяцёра астатніх не будуць мець нічога, гэта значыць, пяцьдзесят працэнтаў членаў грамадства апынуцца без часткі грамадскага багацця, якая павінна ім належаць, паколькі кожны з першай пяцёркі мае дадатковую частку, якая з'яўляецца законнай часткай кожнага з другой пяцёркі.

Калі для задавальнення патрабаванняў кожнага члена грамадства дастаткова адной адзінкі грамадскага багацця, то, такім чынам, той, хто валодае грамадскім багаццем, большым, чым адна адзінка, па сутнасці, прысвойвае сабе частку астатніх членаў грамадства. Паколькі ж яго рэальная доля перавышае адзінку грамадскага багацця, неабходную для задавальнення яго патрэбнасцей, то, такім чынам, ён прысвоіў яе з мэтай абагачэння, абагачэнне ж немагчымае толькі за кошт патрэбнасцей іншых, за кошт долі грамадскага багацця, якая ім належыць. Менавіта ў гэтым заключаецца прычына існавання людзей, якія імкнуцца да абагачэння, не трацяць, а накапліваюць звыш неабходнага ім для задавальнення сваіх патрэбнасцей, прычына існавання жабракоў і абяздоленых, гэта значыць тых, хто, не маючы сродкаў існавання, выпрошвае долю грамадскага багацця, якая належыць ім па праву. Гэта крадзеж і грабеж, больш таго, гэта адкрыты, узаконены грабеж, які адпавядае жорсткім эксплуататарскім законам, што пануюць у гэтым грамадстве.

Лішкі, якія перавышаюць патрэбнасці, павінны належаць усім членам грамадства. Што ж датычыць асобных людзей, то яны маюць права рабіць накапленні толькі за кошт сваіх уласных патрэбнасцей, бо накапленне звыш гэтых патрэбнасцей з'яўляецца замахам на грамадскае багацце.

Майстэрства і стараннасць умелых работнікаў не з'яўляецца для іх падставай прэтэндаваць на чужую долю, аднак яны могуць з выгадай выкарыстоўваць гэтыя свае якасці для задавальнення сваіх патрэбнасцей і рабіць накапленні за кошт уласных патрэбнасцей. Непрацаздольныя і непаўнацэнныя ад нараджэння людзі павінны атрымліваць тую ж долю грамадскага багацця, што і здаровыя.

Грамадскае багацце можна параўнаць з забеспячэнскай арганізацыяй або з прадуктовым складам, які штодзённа забяспечвае пэўную колькасць людзей правізіяй у колькасцях, неабходных для задавальнення іх штодзённых патрэбнасцей. Кожны з іх па свайму жаданню можа адкладваць з гэтай колькасці пра запас, гэта значыць, выкарыстоўваючы свае магчымасці і ўменні, спажываць, колькі лічыць патрэбным, а астатняе прыберагчы. Той жа, хто выкарыстоўвае свае здольнасці, каб атрымаць з грамадскага склада лішняе, з'яўляецца, безумоўна, злодзеем. Той, хто выкарыстоўвае сваё ўменне і спрыт для прысваення багаццяў звыш сваіх патрэбнасцей, па сутнасці, замахваецца на агульны здабытак — на грамадскае багацце, якое ў гэтым выпадку параўноўваецца са складам.

Новае сацыялістычнае грамадства не дапускае адрозненняў у долі грамадскага багацця, што прыпадае на кожнага яе члена. Асобам, якія працуюць у сферы грамадскіх паслуг, грамадства выдзяляе частку грамадскага багацця суразмерна іх працы. Доля кожнага адпавядае ступені яго ўдзелу ў аказанні грамадскіх паслуг.

Такім чынам, перад намі новы вопыт, народжаны багаццем выдатнага гістарычнага мінулага, вопыт, які ўвенчвае барацьбу чалавека за поўнае вызваленне і шчасце шляхам задавальнення яго патрэбнасцей, за збаўленне ад эксплуатацыі іншымі людзьмі, вопыт, які ставіць мяжу дэспатызму, пракладвае шлях да справядлівага размеркавання грамадскага багацця, калі кожны для задавальнення сваіх патрэбнасцей

[21]

працуе сам на сябе, не прымушаючы працаваць на сябе іншых, і працуючы, не замахваецца на патрэбнасці іншых.

Такая тэорыя вызвалення патрэбнасцей чалавека ў імя вызвалення самога чалавека.

Такім чынам, новае сацыялістычнае грамадства — не што іншае, як заканамерны вынік з дыялектыкі існуючых у свеце несправядлівых адносін, што натуральна нараджаюць менавіта такое вырашэнне праблемы. Гэта — уласнасць, прызначаная для задавальнення ўласных патрэбнасцей людзей, атрыманая без эксплуатацыі іншых людзей, і сацыялістычная ўласнасць, дзе вытворцы з'яўляюцца партнёрамі ў вытворчасці. Апошняя прыходзіць на змену прыватнай уласнасці, заснаванай на працы наёмных работнікаў, пазбаўленых усіх правоў на вырабляемы імі прадукт.

Уладальнік жылплошчы, на якой жыве чалавек, сродкі перамяшчэння, якімі ён карыстаецца, сродкі існавання, на якія ён жыве, часткова або цалкам абмяжоўваюць свабоду чалавека; чалавек жа павінен быць свабодным, а каб быць свабодным, ён павінен распараджацца сваімі патрэбнасцямі сам.

Той, хто распараджаецца патрэбнасцямі другога, распараджаецца ім самім, эксплуатуе яго, а часам, насуперак існуючаму заканадаўству, і занявольвае яго.

Сродкі задавальнення асноўных уласных матэрыяльных патрэбнасцей, пачынаючы з адзення і ежы і канчаючы сродкам перамяшчэння або жыллём, з'яўляюцца ўласнасцю чалавека, і ніякая арэнда тут недапушчальная. Арэнда гэтых сродкаў дае іх сапраўднаму ўладальніку, нават калі ім з'яўляецца само грамадства, магчымасць умешвацца ў чужое асабістае жыццё, распараджацца чужымі надзённымі патрэбнасцямі і, такім чынам, чужой свабодай, пазбаўляючы чалавека шчасця. Так, уладальнік адзення мае права зняць з чалавека на вуліцы і пакінуць яго голым, уладальнік сродку перамяшчэння, якім той карыстаецца, можа высадзіць яго на скрыжаванні вуліц, а ўладальнік дома, дзе ён жыве, можа пакінуць яго без прытулку.

Па меншай меры несур'ёзна спрабаваць кіраваць задавальненнем найпярвейшых патрэбнасцей чалавека з дапамогай юрыдычных, адміністрацыйных і іншых мер, паколькі задавальненне іх з'яўляецца непахіснай асновай грамадства, якая вызначаецца яго натуральнымі законамі.

Мэта сацыялістычнага грамадства — шчасце чалавека, якое можна забяспечыць толькі ва ўмовах матэрыяльнай і духоўнай свабоды. У сваю чаргу дасягненне свабоды залежыць ад таго, наколькі свабодна чалавек распараджаецца сродкамі задавальнення ўласных патрэбнасцей і ў якой ступені яму забяспечана гэтае свяшчэннае права. Іншымі словамі, сродкі задавальнення ўласных патрэбнасцей чалавека павінны быць яго ўласнасцю і не могуць быць аб'ектам пабочнага замаху. У адваротным выпадку чалавека ахоплівае неспакой, які пазбаўляе яго шчасця, ён губляе сваю свабоду, паколькі жыве ў пастаянным страху, што хтосьці звонку замахнецца на яго асноўныя жыццёвыя патрэбнасці. Паварот сучасных грамадстваў ад прынцыпу наёмнай працы да прынцыпу раўнапраўнага партнёрства непазбежны, як дыялектычны зыход непрымірымасці існуючых зараз у свеце эканамічных канцэпцый, як непазбежны і заканамерны вынік несправядлівых адносін, у аснове якіх ляжыць сістэма наёмнай працы — пытанне, не вырашанае і сёння.

Растучая моц рабочых прафсаюзаў у капіталістычным свеце здольна ператварыць капіталістычнае грамадства з грамадства наёмнай працы ў грамадства раўнапраўнага партнёрства.

Магчымасць здзяйснення сацыялістычнай рэвалюцыі пачынаецца з таго, што вытворцы авалодваюць сваёй доляй вырабленага прадукта. У гэтым выпадку мэтай рабочых забастовак будзе не павышэнне заработнай платы, а допуск да ўдзелу ў размеркаванні вырабленага прадукта. У адпаведнасці з палажэннямі Зялёнай Кнігі, гэта рана ці позна здзейсніцца.

Завяршаючым крокам з'явіцца дасягненне новым сацыялістычным грамадствам стадыі, на якой канчаткова знікнуць прыбытак і грошы, калі грамадства стане цалкам прадукцыйным, а вытворчасць будзе цалкам задавальняць матэрыяльныя патрэбнасці ўсіх членаў грамадства. На гэтым заключным этапе прыбытак знікне сам па сабе, і, значыць, перастануць існаваць і грошы.

Прызнаваць прыбытак — значыць прызнаваць эксплуатацыю, паколькі само гэта прызнанне адкрывае бязмежную прастору для атрымання прыбытку, бо ўсе спробы

[22]

абмежаваць яго рознымі сродкамі — гэта рэфармісцкія спробы, не здольныя радыкальным чынам пакончыць з эксплуатацыяй чалавека чалавекам.

Канчатковае вырашэнне праблемы — гэта знішчэнне прыбытку. Але паколькі прыбытак з'яўляецца рухавіком эканамічнага развіцця, то ён не можа быць ліквідаваны адміністрацыйным шляхам, а знікне ў працэсе развіцця сацыялістычнай вытворчасці і задавальнення матэрыяльных патрэбнасцей грамадства ў цэлым і кожнага яго члена паасобку. У канчатковым выніку, да знікнення прыбытку вядзе праца ў імя павелічэння прыбытку.

Хатняя чэлядзь. У сучасным грамадстве хатняя чэлядзь, незалежна ад таго, працуе яна за плату ці бясплатна, знаходзіцца ў рабскім становішчы. Гэта рабы новага часу. Паколькі новае, сацыялістычнае грамадства заснавана не на зарплаце, а на прынцыпе партнёрства ў вытворчасці, хатняя чэлядзь аказваецца па-за сферай дзеяння натуральных сацыялістычных законаў, бо яна занята не ў галіне вытворчасці, а ў сферы абслугоўвання, якая не вырабляе матэрыяльных даброт, што падлягаюць, у адпаведнасці з натуральным сацыялістычным законам, надзелу на роўныя долі. У сілу гэтага хатнія слугі павінны працаваць за плату і, у крайнім выпадку, нават без яе.

Паколькі наёмныя работнікі ў сілу тых абставін, што яны працуюць за плату, з'яўляюцца свайго роду рабамі і паколькі хатняя чэлядзь знаходзіцца на больш нізкай прыступцы ў параўнанні з наёмнымі работнікамі, занятымі ў разнастайных гаспадарчых установах і прадпрыемствах, то хатняя чэлядзь павінна быць вызвалена ад рабства грамадства наёмнай працы, — грамадства рабоў — у першую чаргу.

Хатняя чэлядзь, як грамадская з'ява, прыйшла на змену рабам. Трэцяя Сусветная Тэорыя ўказвае масам шлях да канчатковага пазбаўлення ад путаў прыгнёту, заняволення, эксплуатацыі, палітычнага і эканамічнага панавання ў імя пабудовы грамадства, якое аб'ядноўвае ўсіх людзей, — грамадства, у якім усе людзі свабодныя, паколькі ўсе яны, у імя канчатковай і поўнай перамогі Свабоды, маюць роўныя правы на ўладу, багацце і зброю.

Зялёная Кніга ўказвае масам наёмных работнікаў і хатняй чэлядзі шлях да вызвалення ў імя Свабоды чалавека. Таму трэба змагацца за пазбаўленне хатняй чэлядзі ад путаў рабства і ператварэнне іх у партнёраў, занятых у сферы матэрыяльнай вытворчасці, прадукцыя якой падзяляецца на часткі па колькасці элементаў вытворчасці. Жыллё павінна абслугоўвацца тымі, хто ў ім жыве. У тых выпадках, калі ўдзел работнікаў усё ж неабходны, хатняя работа павінна выконвацца не чэляддзю, якая працуе за плату або бясплатна, а работнікамі, якія карыстаюцца правам павышэння па службе і маюць тыя ж сацыяльныя і матэрыяльныя гарантыі, што і астатнія работнікі сферы грамадскіх паслуг.

[23]


Назад | Наперад | Спасылкі на ўсе часткі

December 2025

S M T W T F S
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28 2930 31   

Style Credit

Expand Cut Tags

No cut tags
Page generated Jan. 5th, 2026 06:26 am
Powered by Dreamwidth Studios