miram: (Default)
[personal profile] miram
Выношу з фэйсбука:

У прэсавым рэлізе ПЭН-цэнтру з нагоды чарговага агульнага сходу сказана пра дыскрымінацыю (раптам) расейскамоўных літаратараў у Беларусі.

Пэўныя пытанні выклікаў пункт палажэння пра роўнасць моў, якімі карыстаюцца беларускія пісьменнікі. Тым не менш пазіцыя ПЭН-цэнтра, замацаваная ў статуце прэміі, дастаткова празрыстая: і рускамоўныя, і беларускамоўныя аўтары маюць роўныя правы ў літаратарскім спаборніцтве. Ніхто не збіраецца забываць пра няпростае становішча беларускай мовы ў грамадстве, але і ўціск рускамоўных паэтаў і празаікаў быў бы зусім некарэктным крокам. Тым больш рускамоўныя аўтары ў Беларусі наагул не маюць уласных літаратурных узнагародаў. Пастулюючы раўнапраўе моваў, перш за ўсё літаратурных моваў, Беларускі ПЭН-цэнтр звяртае ўвагу на пэўную дыскрымінацыю, якую варта пераадольваць.


Нават хто ня сочыць за сеціўнымі дыскусіямі, можа сабе ўявіць, якая бура ўсчалася вакол гэтых пяці сказаў.
Гэта, здаецца, добра паказвае, што мова правоў чалавека – не ўнівэрсальная.

Ясна, што трэба ўсім з усімі дружыць і ўсяляк адзін аднаму спрыяць, безадносна да мовы ці чаго яшчэ.

Але вось гэтая ж неаспрэчная ідэя пераводзіцца ў праваабарончы фармат, і пачынаецца: дыскрымінацыя, пераадоленьне дыскрымінацыі, барацьба за роўнасьць, абарона правоў ад дыскрымінацыі...

У аснове ўсіх гэтых паняцьцяў ляжыць крыўда, з якой трэба змагацца. І менавіта яна робіцца пры такім падыходзе асноваю стасункаў паміж людзьмі. Не любоў, а крыўда. Не пазытыўнае, а нэгатыўнае паняцьце.

Здаецца, гэта нейкая сьветапоглядная памылка. Праваабарончая рыторыка і сэмантыка патрэбная тады, калі няма любові, якая сабою пакрывае і згладжвае любыя разыходжаньні. Тады зьяўляецца і крыўда, і дыскрымінацыя, і г.д.

Сытуацыя з расейскамоўнымі аўтарамі з гэтага пункту гледжаньня, калі браць найсхематычней, бачыцца прыблізна так. Або яны будуць “тутэйшымі” – і на гэтай глебе салідарнымі з беларуска- і іншамоўнымі аўтарамі сваёй краіны. Або яны будуць завязаныя на расейскае літаратурнае жыцьцё, літаратурны працэс, тэксты, кантэксты, літаратурныя прэміі і г.д., ігнаруючы “тутэйшае” або нават супрацьпастаўляючыся яму. Маем прыклады абедзьвюх пазыцыяў, пытаньне ў тым, якая пераважыць. Здаецца, менавіта ў тым, каб стварыць для расейскамоўных літаратараў Беларусі інфраструктуру іхнай “тутэйшасьці”, каб арганізацыйна паспрыяць іх упісваньню ў “тутэйшы” кантэкст, і палягае рацыянальнае зерне працытаванага вышэй абзаца, заглушанае неадпаведнай рыторыкай.

(Праваабарончую ж тэрміналогію, у сваю чаргу, нават найлепшыя аўтары ўжываюць у нейкім спрошчаным сэнсе, дзеля якога няма патрэбы выцягваць лаціну. Калі аўтар аднаго з шматлікіх артыкулаў у гэтай дыскусіі піша: “Асабіста я лічу, што ў Беларусі існуе сур’ёзная дыскрымінацыя пісьменнікаў незалежна ад мовы іх творчасці. [...] Адна з вострых праяваў такой дыскрымінацыі – уціск на прыватныя выдавецтвы і кнігарні [...]” – гэта значыць, што пад “дыскрымінацыяй” аўтар разумее проста крыўду і ўціск. Бо “дыскрымінацыя” – гэта калі адным дазваляецца больш, а другім менш. Калі дыскрымінуюць усіх пісьменьнікаў – то параўнальна з кім? Каб карэктна гаварыць пра дыскрымінацыю, трэба назваць найперш яе крытэрый, а не таго, хто паводле гэтага крытэрыю некуды не праходзіць.)

December 2025

S M T W T F S
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28 2930 31   

Style Credit

Expand Cut Tags

No cut tags
Page generated Jan. 3rd, 2026 12:41 pm
Powered by Dreamwidth Studios