miram: (Default)
[personal profile] miram
«ТОРБА СМЕХУ» КАРОЛЯ ЖЭРЫ

Калі, рыхтуючы для «Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі» артыкул пра Кароля Жэру, я стаў гартаць свае ленінградскія запісы дзесяцігадовай даўнасці, то прыйшоў да вываду, што постаць гэтага беларускага і польскага аўтара XVIII стагоддзя варта не толькі пятнаццаці радкоў у энцыклапедычным выданні, але і больш шырокай гаворкі. Бо, уласна кажучы, апрача аднаго абзаца ў «Истории белорусской дооктябрьской литературы», пра Жэру ў нас нідзе і нічога не напісана. Між тым гэта быў цікавы чалавек і пісьменнік, яркі прадстаўнік Асветніцтва ў Беларусі. У пэўным сэнсе ён звязваў старую беларускую літаратуру з новай.

Аднак пачну па парадку. Калі ў 1974 годзе я працаваў у аддзеле рукапісаў Дзяржаўнай публічнай бібліятэкі ў Ленінградзе, увагу маю прыцягнуў тоўсты, на 416 аркушаў зборнік, які значыўся пад лацінскай літарай «кю» і лічбамі XV, 3. Лацінска-польская назва яго была па-барочнаму доўгая і квяцістая: «Процьма рэчаў, торба смеху, гарох з капустай, а кожны сабака з іншай вёскі, або Кніга, якая ўключае ў сябе збор розных цікавых і мудрых, дасціпных і забаўных, сэнсоўных і сентыментальных твораў, пытанняў і адказаў, без ладу і ніякага парадку ўкладзеных дзеля ўцехі і забавы, а часам служыць кожнаму і дзеля выратавальнага павучання, нядаўна распачатая, а да сканчэння свету незавершаная. Хто яе распачаў, таго знойдзеш у наступных радках».

А далей ішоў макаранічны, польска-лацінскі верш, папацеўшы над якім з гадзіну, я расшыфраваў прозвішча аўтара: Жэра!

Аднак, перагарнуўшы наступную старонку, на якой красаваўся старанна вымаляваны родавы герб Жэраў (Дубна), я зразумеў, што пацеў дарэмна. Тут аўтар, ужо не гуляючы ў хованкі, адкрыта пісаў, што прозвішча яго Жэра, імя -- Кароль, другое імя -- Антон, манаскае імя Гаўдэнцый, што нарадзіўся ён 1 верасня 1743 года на Падляшшы, у вёсцы Тварогі Выпыхы ў сям’і дробнага шляхціца. У 1751 годзе пачаў літары «вучыцмус, а плакацісмус, бо бацька прыганяісмус, няхай яму бог заплацісмус». У 1754 годзе аўтара прывезлі ў Драгічын і аддалі ў езуіцкую школу, дзе яго балюча білі («хто гэта чытацімісус, то яму смехацісмус, а мне бядысмус»). 3 1765 года Жэра ў Пінску, стаў там манахам-францысканцам. А затым пераехаў «на Белую Русь», у Сянно, дзе быў, відаць, выкладчыкам у мясцовым канвенце (цяпер гэтую навучальную ўстанову мы назвалі б школай-інтэрнатам).

Нягледзячы на свой манаскі стан, Жэра быў чалавекам вясёлым, любіў жыццё і ведаў яму цану. Захоплена ён слухаў і запісваў гарэзлівыя фацэціі-анекдоты, забаўныя гісторыі, якія здараліся на Піншчыне і Лепельшчыне, у Гродне і Сянно. Зборнік Жэры -- гэта сапраўды «гарох з капустай»: проза і вершы, дыялогі і маналогі. Такая жанрава-стылявая мешаніна цалкам адпавядала барочнай эстэтыцы, якая наклала выразны адбітак на творчую індывідуальнасць сенненскага аўтара. Яго анекдатычныя апавяданні па-барочнаму квяцістыя і парадаксальныя. Многія з іх гратэскныя, алагічныя. Свет у іх паказаны, як тады гаварылі, «зусім наадварот». Як у гэтай хоць бы абсурднай гісторыі.

Як з каня, хоць са скуры абдзёртага, ужытак мець

Адзін падарожнік многа за адзін дзень дарогі праехаў і змардаванага каня ўвёў у яўрэйскі бровар, у якім адстойвалася гарэлка, і пакінуў яму сена, а сам пайшоў у карчму.

Конь болей хацеў піць, чым есці, адвязаўся і, знайшоўшы бочку з гарэлкай, піў, колькі яму хацелася. Напіўшыся, калі гарэлка яго азмрочыла, упаў -- нібы здохлы ляжаў. Той падарожнік, думаючы, што конь яго здох, зняў з яго скуру і, узяўшы, пайшоў.

Конь, абдзёрты са скуры, праспаў дзень і ноч і ўстаў. Карчмар, здзівіўшыся, выгнаў яго ў поле. Было тое веснавым часам -- той конь без скуры, ходзячы па полі, калі яму боль і сверб дакучалі, качаўся па грэчцы пасеянай (бо на той час грэчку сеялі), а калі качаўся, паўлазіла грэчка і паволі пачала на ім абыходзіць, а потым цвісці і спець. Бачачы гэта, восенню адзін разумны гаспадар стаў зважаць, што цецерукі на каня сядаюць і грэчку на ім ядуць, зрабіў два кашы, прывязаў адзін каню з аднаго боку, а другі з другога і прывязаў да каня сякеру.

Калі тады цецерукі зляталіся да таго каня, каб грэчкі пад’есці, а дзеўбануў яго які, дык конь, баронячыся, як махнуў хвастом, так адсек цецеруку галаву, а цецярук -- у кош! І так штодня хадзіў да таго каня і штодня меў што вымаць з кашоў.

А тут трэба зважаць, якую ён меў вялікую карысць з таго каня. Чаго і чытачу жадаю.


Барока дапускала кантамінацыю самых розных пачаткаў: камічнага і трагічнага, рэальнага і фантастычнага, кніжнага і фальклорнага. Такое спалучэнне выразна адчуваецца і ў зборніку Жэры. Яго аўтар зыходзіць з рэальнасці, але часта звяртаецца і да антычных матываў, і да народнай творчасці, апрацоўвае сюжэты, добра вядомыя фалькларыстам.

Пра ваўка, казу і капусту

Адзін чалавек, маючы пры сабе ваўка, казу і капусту, прыйшоў да рэчкі, цераз якую ён мусіў пераправіцца -- знайшоў на шчасце сваё пры беразе човен і думае сабе: усё гэта разам не здолее ў чаўне перавезці. Калі перавязу перш толькі ваўка, то каза з’есць капусту, калі перавязу толькі капусту, то воўк з’есць казу.

Перавозіць тады найперш казу, а ваўка і капусту пакідае. Едзе потым і бярэ капусту. Капусту пакідае, а казу назад бярэ, каб не з’ела капусту. Перавёзшы назад казу, пакідае яе, а бярэ ваўка і гэнага перавозіць. Урэшце вяртаецца і казу перавозіць, а так, без ніякай шкоды, пераправіўся праз раку. А тут быў розум патрэбны.


Хоць сам Жэра не раз падкрэслівае, што яго зборнік складзены «без ладу і ніякага парадку», аднак, чытаючы яго, пераконваешся, што за вонкавай хаатычнасцю ў аўтара хаваецца прадуманая сістэма. Вядомыя сюжэты ён па-свойму інтэрпрэтуе. Апавяданні аб’ядноўваюцца ў цыклы, дзе адзін твор звязаны з другім, дапаўняе яго. Такім цыклам з’яўляецца, напрыклад, шэраг напаўфальклорных гісторый пра бабу і чорта (у сваю чаргу ён уваходзіць у большую групу апавяданняў пра жаночую хітрасць). Пачынаецца цыкл з прыпеўкі пра д’ябла, які няўдала спрабаваў араць жанчынай. Далей ідзе фацэція «Як баба чорта, што яе на вузкай кладцы сустрэў, хітрасцю ашукала». У ёй жанчына, трапіўшы ў цяжкую сітуацыю (д’ябал спытаў яе на кладцы, хто лепшы: ён ці бог), выкручваецца беларускай фразай: «Бог добры, але і вашэць няліхі, толькі што вашэцю ліхія людзі на зуб узялі». Завяршаецца ж цыкл апавяданнем, змест якога добра вядомы беларускім фалькларыстам:

Як баба чорта на гаспадарцы ашукала і ў паядынку перамагла

У часе веснавым баба з д’яблам увайшлі ў нягодныя адносіны і так угаварыліся з сабой:

-- Ты, пане д’ябле, гэты кавалак поля заары, і я маім просам засею, а вашэць забарануеш. А восенню, як уродзіцца, то тым просам на палавіну падзелімся.

Калі тады проса тое паспела, баба, пайшоўшы, гронкі проса ў фартух пазжынала для сябе, а яму, як лес, сцябліны з карэннямі пакінула. Д’ябал, прыкмеціўшы тое, а асабліва, калі яна з таго проса кашу ела, пачаў яе папракаць: «Ты мяне, баба, ашукала, бо сабе вярхі сабрала, а мне карэнне пакінула».

Баба на тое: «Ну, калі вашэць лічыш гэта для сябе крыўдай, то на другі год засеем для сябе тое самае поле, а вашэць ужо падбярэш вярхі, а я карэнне!»

I пасеяла баба рэпу. Чорт тады найперш націну для сябе пазразаў, а яна сабе потым рэпу выкапала.

Чорт, бачачы, што і другі раз яго ашукалі, сказаў бабе: «О, ужо трэці раз пасеем ячмень і, зрабіўшы з яго піва, разам вып’ем».

Баба тады на тое згаджаецца, і сеюць яны ячмень, які яны з поля, калі той паспеў, разам сабралі і звезлі. Д’ябал змалаціў, змёў, баба солад зрабіла. Д’ябал дровы сячэ, носіць, ваду цягае, бочкі набівае, а баба тымчасам адстоенае піва папералівала сакрэтна ўбок, у іншае начынне, а саму гушчу навідавоку трымае і сама каштуе, і яму каштаваць дае, кажучы: «Будзе добрае піва, як перабродзіць!»

Калі піва ўжо зусім перахадзіла, пазлівалі яго ў бочкі і бочкамі падзялілі тую мутную гушчу -- а яна адстоеную частку таго піва сабе ўзяла.

Д’ябал, бачачы, што піва нічога не вартае, раззлаваўся, кажучы: «Якога нарабіла сабе, такое і пі!» -- і пайшоў.

Аж баба крычыць яму: «Пане д’ябле, а яшчэ ж падзелімся доннымі саладзінамі!»

А д’ябал у адказ: «Бяры сабе і ўсе саладзіны» -- і з той пары больш ніколі не хацеў звязвацца з бабай. Адтуль і прымаўка пайшла: «Чорт з бабай піва рабіў і саладзінаў выракся!»

На чацверты раз, пакрыўдаваўшы такім чынам тры гады на бабу, прыходзіць зноў вясной да яе і выклікае яе на паядынак.

Яна, маючы смелае сэрца, не толькі ахвотна бярэцца з ім ваяваць, але нават дае яму вілы, а сама бярэ ражон, кажучы яму: «Калі ты мяне ўпораш віламі, то праб’еш мяне два разы, а калі я піхну цябе ражном, то толькі раз праб’ю цябе!»

I пачалі яны праз плецены плот ваяваць. Калі баба піхне ражном д’ябла праз плот, то ражон навылёт прашые д’ябла. Калі д’ябал піхне віламі бабу праз плот, то вілы ў плоце загразнуць, а баба цэлая.

Зваявала тады баба ў тым паядынку д’ябла. І адтуль пайшла другая прыказка: «Бабу і чорт не зваюе!»


У часы барока было модна спалучаць не толькі розныя жанры і стылі, але і розныя мовы. Такое ж макаранічнае сумяшчэнне мы бачым і ў зборніку Жэры. З польскай мовы аўтар пераходзіць на лацінскую, з лацінскай на беларускую, якую ён называе рускай. Яго героі размаўляюць, як кажа сам Жэра, «з рускага па-польску, а з польскага па-руску». Вось як, напрыклад, выспеўлівае «адзін з візітатараў чужых дамоў» у сюжэце, запісаным пад нумарам 23:

Дзе хаўтуры, то я дзяд,
Дзе вяселле, то я сват,
Дзе хрэсьбіны, то я кум,
А дзе піюць, то я чум.
Гэй, чум, чум!


Чым далей гартаеш зборнік Жэры, чым пазней зроблены запісы, тым часцей сустракаюцца беларускія ўстаўкі. Многія апавяданні заснаваны на «рускіх» прыказках і прымаўках, часам невядомых для сучасных збіральнікаў: «У ліхага бортніка і мёд горкі»; «Кравец гадзе, а жалеза кладзе» (г. зн. лаецца, але прасуе); «Голы разбою не баіцца»; «Узяўшыся за гуж, не кажы, што не дуж»; «Не заўсёды кату масленіца»; «Прыйшла свіння да каня, аж і шэрсць іншая, і ногі кароткія». Урэшце з’яўляюцца тэксты, амаль цалкам напісаныя па-беларуску. На мове «Белай Русі» гавораць усе героі гратэскна-макабрычнай фацэціі пра недалёкага папа і яго кемлівага парабка:

Пра папа з парабкам, што дамовіліся, каб ніколі і ні за што на сябе не гневацца.

Поп угаварыў сабе на гадавую службу парабка і, дамаўляючыся з ім аб плаце, такую з ім заключыў умову: «Я што табе скажу, то ты ўсё павінен здзелаць, і хоць бы я табе што цо і прыкрага здзелаў, то ты не павінен за тэе гневаць на мене».

Парабак, чуючы тое, узаемна кажа папу: «Але, ойчаньку, калі і я вашэці што нядобрага здзелаю, то і вашэць на мене не павіненэсь ся гневаць!» -- і такі стаў паміж імі з абодвух бакоў кантракт.

Заключыўшы такі між сабою кантракт, пачаў поп дрэнна да парабка адносіцца, а потым пытацца ў яго: «Ці не гневаешся, паробча?»

Парабак адказвае: «Не гневаюся, ойчаньку, бо такая мендзы намі на пачатку згода стала!»

Узаемна парабак учыняе яму такую штуку: пасля каляд загадаў поп парабку насеч сухіх дроў. Парабак, пайшоўшы, пасек усе вазы і ўсе летнія экіпажы.

Пабачыўшы гэта, пачаў поп яго моцна папракаць.

Парабак на тое: «Не мог я сушэйшых дастаць, а экіпажы летнія, цяпер, на зіму, непатрэбныя», -- і сказаў: «А ці не гневаешся, ойчаньку, за тое?»

Кажа поп: «Не гневаюся, бо такая міжы намі ўмова стала, кабы не гневацца!» -- Тут поп пачаў парабка з левай пляжыць, а парабак узаемна папа -- ужо не з левай, а з правай.

На вясну камандуе поп парабку, каб пайшоў араць, і кажа яму ўзяць з сабой суку і загадвае яму: «Датуль не сыходзь поля, пакуль сука ўперад не пойдзе дамоў, і што сука будзе рабіць, каб і ты тое самае рабіў!»

Пайшоў парабак араць. Парабак пачынае араць, сука ідзе за ім, парабак узараў адзін загон, ідзе на другі, сука ідзе за ім. Парабак ідзе на трэці загон, сука ідзе за ім. Прыйшоў поўдзень. Людзі ідуць дамоў, а ён арэ, бо сука ходзіць за ім. Людзі, папалуднаваўшы, прыходзяць і запрагаюць валы ў ярмо, а ён арэ, бо сука ходзіць за ім.

Урэшце спыніўся, валокі пад саху падклаў, і, злавіўшы суку, як пачне біць, як пачне прыгаворваць ёй: «А ці ты ж мяне даўжэй яшчэ будзеш трымаць на полі?»

Як яе тады выпусціў, яна бягом дамоў, ён па яе прыкладу пайшоў з валамі за ёй, стараючыся, каб таксама за сукай разам гнаўся, бо поп загадаў яму, каб так рабіў, як чыніць будзе сука.

Прыбягае сука ў плябанію, аж вароты закрытыя, таму сука скок праз вароты! Ён за ён з валамі прыбег, а калі не змог разам з імі пераскочыць праз вароты, дастаў з-за пояса сякеру і, пачацвертаваўшы на кавалкі валоў, паперакідваў іх праз вароты.

Поп, тым расстроены, рукі заламіў і кажа: «Ах, што ты, бязбожны чалавек, здзелаў?»

Парабак на тое: «А што ж, ойчаньку, што вашэць мене кажэце, то я тое і ўчыніў. Вашэць мене казаў тое чыніць, што сука будзе чыніць, то я так чыніў, як сука чыніла: сука праз вароты, так я перакінуў валы праз вароты, а ото і сам лезу праз вароты, я ўсё захаваю, як вы, ойчаньку, казалі. А чы не гневаешся, ойчаньку, за тое?»

Поп адказвае: «Не гневаюся, бо так ва ўмове стаяла!» Тут поп, рассярдзіўшыся, пачаў рознымі спосабамі парабка цвічыць: кіем латаць, нагаем кропіць, прывязаўшы да пераплоту, розгамі сячы, пытаючыся: «А ці гневаешся, паробча?»

Парабак адказвае: «Не гневаюся, ойчанька, бо такая ўгода паміж намі стала, каб ніколі не гневацца»…

Поп, тое бачачы, што ўжо нічога не зможа з парабкам, а паколькі быў няўпэўнены і ў сваім жыцці, задумаў з пападдзёй уносіцца з плябаніі, кажучы: «Хоць я яго рознымі спосабамі мучаю і хачу, каб ён мяне кінуў, але ён мне болей шкодзіць, чорт яго перабудзе, мы яго не перабудзем. Уцякайма з хаты, нех яго чорт бярэ!»

Здарылася тады, што той парабак трохі напіўся, прыйшоўшы, лёг і, больш прыкідваючыся, нібы цвёрда спіць, пачаў страшна храпець. Поп тады кажа да пападдзі: «Цяпер нам час уносіцца, бо парабак цвёрда спіць. Ну, жонка, забірайма ў мяшкі, што можна, а ўцякайма, пакуль ён спіць!»

Тут пачалі з другога пакоя зносіць, у тыя мяхі складваць, і наклалі адзін мех, падняў поп і сказаў: «Ужо пападдзі досыць будзе, кладзём цяпер у другі для мяне!» Прынеслі раз, пайшлі па болей, а тымчасам, устаўшы, парабак улез у той мех.

Яны, прынёсшы болей адзення, прыхавалі яго ім. Падняў поп, аж цяжка: «Ой, як цяжка буду несці, поўна ўжо! Цяпер жа ціхухна ўносьмыся, каб парабак не ўчуў!»

Падаўшы тады на сябе тыя абодва мяшкі, далей у прочкі, бездарожжам, і прайшлі яны чвэрць мілі ў радасці, што ад парабка ўцяклі, аж раптам парабак, седзячы ў папа ў мяшку за плячыма, крычыць, нібы здалёку: «А пачакайце мяне, ге, ге!»

Чуючы тое, поп з пападдзёю сказалі сабе: «Ах, ён жа за намі бяжыць, уцякайма ў старану, кідайма гэтую дарогу, а бермася ў бок, каб ён за намі па шляху не ўзяў!»

Кінуліся тады ў бок, прабіраючыся праз хрусты, праз ламы, і ў той, і ў гэны бок губячы па сабе след, аж парабак зноў, седзячы ў папа за плячыма, крычыць: «А пачакайце мяне, ге, ге!»

Тут поп з пападдзёй кажуць сабе: «Ах, чы яму чорт паказвае дарогу, ён жа за намі гоніцца, уцякайма ў іншую старану!» -- Перапраўляюцца яны тады праз балоты, праз багны.

Аж ён зноў крычыць, нібы ўжо недалёка іх будучы: «А пачакайце мяне, ге, ге!»

Поп з пападдзёю зноў у іншыя бакі. Ужо з папа і пот ліецца, а ўсё ж, губячы след, у розныя кідаюцца бакі.

А парабак кліча іх: «А па-ча-кай-це мя-не, ге, ге!»

Тут поп, мала сілы ўжо ў сабе маючы, прыбягае да ракі вялікай, праз якую цяжка перабрацца, потым, як змардаваны, скінуў з сябе мех на зямлю, а парабак, седзячы ў мяху, сказаў: «Ой, ойчаньку, як жа няміласэрна ты мяне кінуў!»

Тут поп, здзівіўшыся, сказаў: «А ты што тут робіш?»

А на тое парабак: «А я ж з вамі ўцякаю!»

Тут поп, не ведаючы, што мае болей чыніць, паціснуў плячыма і рашыў, каб пры той рэчцы паклаліся спаць. Загадаў тады поп легчы парабку пры самым беразе той ракі, сам лёг пасля яго, а пападдзя -- ад поля. Паклаліся такім чынам.

Поп з пападдзёю, змардаваныя, паснулі цвёрдым сном, парабак жа, добра думаючы пра сябе, не засынаў, але калі адчуў, што поп і пападдзя паснулі, тады ўстаў, перайшоў за пападдзю і, пачаўшы яе штурхаць, разбудзіў яе і сказаў ёй: «Папіхайма парабка!» -- Пападдзя зразумела, што гэта ёй кажа поп, папхнулі небараку папа, аж поп у ваду, баўбыць, паляцеў. Толькі тады сказалі яны да сябе: «Ах, што ж мы здзелалі, ушак гэта мы попучку ўтапілі!»

Парабак пападдзю супакоіў і, за рукі ўзяўшыся, пайшлі і з сабой шлюб узялі.

Так тое збываецца, што сказаў русін: «Дастаў пан слугі, як чорт грэбла!»


Манах Жэра, як і іншыя яго сучаснікі, апранутыя ў сутану (прыгадаем біскупа I. Красіцкага з яго паэмай «Манахамахія»), з’едліва высмейваў не толькі праваслаўнае, але і каталіцкае духавенства. Яно ставіцца, скажам, куды ніжэй за філосафаў. У некаторых анекдотах дастаецца і самому папе. Беларускія сяляне, засведчыў Жэра, скептычна адносіліся да ксяндзоў, абзывалі іх на споведзі рознымі непрыстойнымі словамі і ўвогуле не лічылі за людзей. Вось які выпадак здарыўся аднойчы з аўтарам у сенненскі перыяд яго жыцця.

Ксяндзы -- не людзі.

Я, будучы сам ксяндзом, да таго францысканцам, заўсёды меркаваў, што ксяндзы з’яўляюцца людзьмі, так як і іншыя людзі, але, жывучы на Белай Русі, даведаўся наступнае. У адсутнасць ключніка пайшоў я сам з кухарам на вяндлярню, дзе саланіну і іншае мяса вешаюць.

Пачаў той кухар браць, рэзаць мяса, колькі хацеў і, нарэзаўшыся, сказаў: «Досыць будзе!» I тут зноў рэзаць пачынае.

Я пытаюся ў яго: «А гэта на што ты рэжаш?»

Аж ён адказвае: «Гэта, маспане, для людзей».

Я на гэта яму: «Альбо ж мы не людзі?»

Ён кажа: «Не, вашэці не людзі».

Я: «А хто ж мы?»

Ён мне адказвае: «Вашэць ксяндзы, а не людзі».

I толькі тады я даведаўся, што мы ксяндзы, а не людзі!


Вальнадумства Жэры праявілася і ў яго крытыцы тагачаснага феадальнага ладу. У зборніку выразна паказана цяжкае паднявольнае жыццё беларускага селяніна. Для яго, сцвярджае аўтар, «хлеб з мякінаю -- то не голад, сарочка грэбная -- то не галота, пруга лычаная -- то не бяда», бо часта бывае так, што ні хлеба, ні кашулі няма. У апавяданнях Жэры паны здзекуюцца з сялян, прымушаюць іх працаваць за мізэрную плату. Адна гаспадыня, гаворыцца ў фацэціі пад нумарам 140, карміла свайго парабка толькі моркваю. Даведзены да адчаю селянін стаў прыкідвацца, што ад такой нішчымнай стравы ён пачынае вар’яцець. Гэта падзейнічала на прыдуркаватую шляхцянку. «Ой, ашалеў парабак, -- гаворыць яна сама сабе па-беларуску, -- ашалеў, ад морквы ашалеў, о, ужо ж я яму ніколі не буду даваць морквы». Панства ў зборніку ўпадабняецца пошасці. У цыкле анекдотаў пра полацкага магната Жабу мужык, якога прывялі агледзець хворага вала, кажа, што таго «праклятая жаба мучыць». Калі ж прысутныя слугі, зразумеўшы намёк, рассмяяліся, селянін нібы пачаў апраўдвацца, іграючы на сугуччы слоў: «Гэта, пане, такая хвароба называецца». Прыгоннікі ў Жэры часта надзелены абразлівымі прозвішчамі-мянушкамі:

Паглядзі, чытач, што палітычнае выхаванне можа і як сяброў прыдае.

У адну карчму прыехаў на начлег пан Быкоўскі, пасля яго хуценька над’ехаў пан Бараноўскі -- вячэру разам з’елі і, калі змяркалася, сказалі людзям сваім карчму замкнуць, а самі паклаліся спаць.

Як толькі сцішыліся, заязджае ў тую карчму трэці падарожны і пачынае стукацца, клічачы: «Адкрый!»

На тое паноў тых людзі адказваюць, што тут ужо няма месца, бо двое паноў тут ужо спыніліся.

Пытае той падарожны, якія тут паны пастой маюць.

Адказваюць людзі, што тут спыніўся адзін пан Быкоўскі, а другі пан Бараноўскі.

На тое падарожны, а прозвішча ў яго было Свінярскі, сказаў: «Ах, дзеля бога жывога, у такім прыгожым хляве ці не можа тут і пан Свінярскі змясціцца!»

Тады тыя двое, лічачы, што гэта чалавек з багатым уяўленнем, сказалі сваім людзям: «Адчыніце, нейкі цнатлівы чалавек прыехаў!»

Прыемнымі тады размовамі з сабою ўволю нацешыўшыся, з добрымі думкамі паснулі сабе і ў вялікім задавальненні назаўтра раз’ехаліся паміж сабой.


Па-беларуску ў зборніку гавораць не толькі сяляне, але і прадстаўнікі другіх саслоўяў і сацыяльных груп. Вось пані Пакаш, жонка полацкага суддзі. Аднойчы яна паслала служанку ў свіран за некалькімі рэчамі, але тая забыла прынесці адну з іх. I тады суддзіна адпраўляе дзяўчыну назад з прымаўкай: «Калі галава дурная, то нагам худа». Вось дробны шляхціц з Піншчыны. Жадаючы падкрэсліць сваю незалежнасць ад магнатаў, ён загадаў намаляваць на браме чалавека, які малоціць цэпам збожжа. Унізе пад малюнкам ішоў беларускі подпіс: «Нас... багачу, калі свой сноп малачу». Вось сын карчмара Лейба. Аднойчы палез ён на паддашак, каб верабейчыкаў з гнёздаў выбраць, зацерушыў там агонь, а калі загарэўся дах, хуценька збег уніз і сумны ходзіць па хаце. Маці пытае яго, пра што ён так думае. А Лейба ў адказ: «Ой, я мушлю, кабы наша карчма загарэлася, дзе б нашы варабейчыкі падзеліся?» Вось у пекле сустракаюцца шынкарка і млынар. Яна трапіла туды за тое, «што меры не далівала». «Ой, пані кума, -- адказвае ёй млынар, -- я і з вярхом браў, а такі мяне тут прыслалі». Адным словам, зборнік сведчыць, што ў другой палавіне XVIII стагоддзя паланізацыя не была на Беларусі ні канчатковай, ні поўнай, што гутарковая беларуская мова бытавала тады ў розных сацыяльных асяроддзях (дзякуючы Жэры мы сёння маем розныя ўзоры гэтай мовы).

Ну і, вядома ж, па-беларуску гавораць у зборніку сяляне. Яны «сыпяць» прымаўкамі («з богам а з мядзведзем ніколі не барукайся, бо абодва дужыя»; «хоць у вашэці карона, такі вашэць варона»). Нягледзячы на прыгнёт, селянін у Жэры не губляе чалавечага аблічча. Ен дасціпны, вясёлы, па сваіх разумовых і маральных вартасцях часта стаіць вышэй, чым прадстаўнікі пануючых класаў. Млынар, падобны на Несцерку, перамагае ў дыспуце нават караля. А сам Жэра быў здзіўлены самастойнасцю думак аднаго сенненскага селяніна:

Як мужык просты досціпам рэзануў мяне на Белай Русі.

Будучы, на Белай Русі, у канвенце Сенненскім, зімой неяк глянуў я ў печ і ўбачыў, што агонь у печы пагас. Пачаў сам папраўляць. Раптам надышоў стораж, прамовіў я тады да яго так: «Папраў мне дровы вось такім чынам!» -- I пачалі ў тым месцы дровы гарэць. I сказаў я тады яму: «Вось бачыш, калі паслухаеш людзей, то на карысць пойдзе!» -- I пытаюся ў яго: «Хіба ж не праўда?»

А ён мне адказвае: «Праўда, маспане, заўсёды людзей слухай, а для таго свой розум мей!»

Хто ў такіх справах разбіраецца, зразумее, як ён тут мяне ўцяў! А мужык просты быў.


Зборнік дае таксама мажлівасць меркаваць пра некаторыя беларускія мастацкія творы XVIII стагоддзя, тэкст якіх да нас не дайшоў. Старая праваслаўная гарбарыха, у якой кватараваўся Жэра ў Драгічыне, любіла спяваць тагачасны «жорсткі раманс», які пачынаўся словамі:

Ой, я умру з вечара,
А ты умрэш з ранку,
Няхай жа нас пахаваюць
Хоць у едную ямку!


Відаць, след нейкай беларускай іроікамічнай паэмы на біблейскі сюжэт дайшоў да нас дзякуючы Жэры ў выглядзе двух вершаваных радкоў пра галаву Алаферна, якую адсекла помслівая Юдзіф:

(Збудзіўся) Галафернес, а галава куды,
От, табе без галавы: ні туды, ні сюды.


Усяго ў ленінградскі рукапісны зборнік, датаваны прыблізна 1773-1798 гадамі, уключаны 233 пацешныя і павучальныя гісторыі. I добрая палавіна з іх заснавана на беларускім матэрыяле, насычана мясцовымі рэаліямі. Беларускай мовай Жэра карыстаўся з такой жа лёгкасцю і натуральнасцю, што і польскай. Ён быў адным з першых мясцовых аўтараў, якія смела і ахвотна чэрпалі з народна-фальклорных крыніц. Жывасць і займальнасць апавядання, надзённы і гуманістычны змест забяспечылі творам Жэры шырокую папулярнасць. Відаць, у яго быў не адзін рукапісны зборнік, а некалькі. Яны перапісваліся, вар’іраваліся, дапаўняліся. Адзін з такіх зборнікаў, вельмі адметны ад ленінградскага, быў у свой час знойдзены этнографам Зыгмунтам Глогерам (зяцем А. Ельскага) і выдадзены ў Варшаве ў 1893 годзе. Вядомы польскі вучоны Ю. Кшыжаноўскі, аналізуючы гэта выданне, назваў творы Жэры «дасканалымі», а яго самога -- своеасаблівым прадвеснікам рамантызму. Прынамсі спосаб выкарыстання фальклору ў яго апавяданнях і ў рамантычных гавэндах (гутарках) у многім падобны. Урэшце, творы Кароля Жэры былі ў 1980 годзе выдадзены ў Варшаве як помнік «гутарковай» літаратуры эпохі Асветніцтва. У прадмове да гэтага зборніка высока ацэньваюцца мастацкія вартасці твораў сенненскага аўтара, падкрэсліваецца, што ў іх ёсць шматлікія і багатыя беларускія элементы.

«Торба смеху» Кароля Жэры належыць да агульнай спадчыны двух славянскіх народаў -- беларускага і польскага.

Адам МАЛЬДЗІС.

(Літаратура і мастацтва. 05.10.1984. С. 13-15. Рубрыка «Пошукі. Знаходкі»)


December 2025

S M T W T F S
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28 2930 31   

Style Credit

Expand Cut Tags

No cut tags
Page generated Jan. 3rd, 2026 12:41 pm
Powered by Dreamwidth Studios