Secundum Iohannes albarussice
Mar. 1st, 2005 03:09 amУ суботу быў на прэзэнтацыі Эвангельля ад Іаана, выпушчанага Біблійнай камісіяй пры Экзархаце. (Яны зрабілі, такім чынам, ужо чатыры Эвангельлі, на чарзе -- астатні НЗ; выдаюць квадралінгвамі -- грэцкі, ЦСЛ, расейскі сынадальны і беларускі тэксты). Уразіла вастрыня моўных спрэчак -- тых самых, праз якія з камісіі некалі выйшаў быў Сёмуха (нязгодны, м.інш., з "ангеламі" замест "анёлаў"). Набор усё той жа: гняздо з коранем "благ/блаж", "ангел", "спас"... Праф. Іван Чарота: спачатку, у канцы 80-х, у камісіі было чалавек 35 -- філолагі, пісьменьнікі, але толку было мала -- паспрабуй прывесьці да аднае роўніцы 35 меркаваньняў; цяпер -- чалавек шэсьць, ня лічачы старшыні (Філарэта) і намесьніка старшыні (а.Георгія Латушкі), зьбіраюцца шточацьвер, за адну такую сустрэчу пасьпяваюць перакласьці 10-15 вершаў. Прот. Сергій Гардун: мы вырашылі вярнуць словы "спасеньне, спасьці" ў беларускую мову (балазе так у таронцкім малітваслове 1966 (хоць у пазьнейшым перавыданьні няма), уніяцкім малітаўніку "Божым шляхам" (Рым, 1946) і нават у "Сьвятой Біблі" Яна Станкевіча). Гардун гаворыць чыста, калі не лічыць нулявых генітыўных канчаткаў, напр. /малітф/, і /я бы сказаў/. Ну і "грэчаскі" да кучы. Аляксей Кароль, жыровіцкі выкладчык, расказаў: у акадэміі і сэмінарыі зараз выкладаецца па-беларуску дзясятак прадметаў, м.ін. гісторыя рэлігіяў сьвету, ЦСЛ мова, пастырскае багаслоўе, і так ужо гадоў 15. З Расеі і Ўкраіны цяпер у Жыровічы ня едуць па навуку, толькі з Беларусі і яшчэ трохі з Літвы, дзе сваёй сэмінарыі няма, таму пытаньне "чаму мы павінны слухаць лекцыі на мове, якой ніколі раней ня чулі", адпадае. Сэмінарысты вучаць напамяць, м.ін., "Жыровічы, сьвяты для нас куточак" Ларысы Геніюш і "Магутны Божа" Натальлі Арсеньневай. Завочнікі павінны тс. вывучаць прадметы па-беларуску, хоць падручнікі -- па-расейску; экзамэны здаюць па-беларуску, хто можа. Айцец Пачобка з Сьвятаўсьпенскага сабору ў Барысаве казаў, м.ін., пра "сьвятаайчынныя" пісаньні і веравучэньне ("святоотеческие"). Прывёў прыклад слова, якое хацелі ўвесьці ў пераклад і ўвялі ("мярэжа"), хоць былі пярэчаньні, што ў Сьвятой Зямлі канструкцыя гэтай прылады была не такая, як у нас. Неабходнасьць "ангела" аргумантаваў тым, што трэба ж неяк назваць і "архангела" -- не "архіанёлам" жа. (Мая сьв.п. цёця Анюта, праваслаўная, казала -- "сьвята Міхала арханёла".) Т.Матрунчык папералічвала колькі прыкладаў таго, як у розных беларускіх перакладах па-рознаму перадаваліся асобныя месцы (напр., "благодать на благодать", Ян 1,16). Мовазнаўца Іван Яшкін, дыялектолаг, суаўтар ТСБМ, выказаўся за празрыстасьць тэрмінаў і апору на народнае маўленьне, м.ін. супраць "благ/блаж", за "Божае Нараджэньне" ці "Каляды" і супраць "Ражджаства". Ён прыкметна пастарэў, але думка ясная. Прапаноўваў, м.ін., уводзіць глосы -- пры каторым цямнейшым слове адразу тлумачэньне і/ці сынонім, як у народнай паэзіі ўтвараецца высокі стыль: "Кіну-брошу сваю пташачку ў быструю воду", "Буду страляці, буду лучаці з-пад зялёнага дуба". Яго слухалі няўважліва, а дарма. Я спытаўся, ці будуць выкладаць свае пераклады ў інтэрнэт; Чарота адказаў, што пра гэта яшчэ ня думалі, і падзякаваў за падказку.
Ужо само тое, што на прэзэнтацыі чарговага тому шматгадовае працы ўздымаюцца гэткія дыскусіі, сьведчыць: прынятыя камісіяй рашэньні -- адвольныя і праблему, па сутнасьці, не здымаюць.
Мне здаецца, жаданьне конча захаваць шэраг характэрных царкоўнаславянскіх элемэнтаў -- вынік таго, што перакладчыкі (штодзень маючы справу і з беларускай, і з ЦСЛ мовамі) успрымаюць іх не як розныя сутнасьці, а як складнікі аднаго кантынууму. Чымсьці гэта нагадвае пазыцыю адмірала Шышкова, які "лічыў, што расейская і ЦСЛ мовы адно, проста па-расейску пішуцца сьвецкія кнігі, а па-ЦСЛ -- царкоўныя". Вядомы факт, што беларуская народная мова засталася практычна не закранутая ЦСЛ уплывамі. Дык цяпер перакладчыкі з Экзархату спрабуюць ня [толькі] перадаць біблійныя і царкоўныя сэнсы сродкамі гэтай народнай мовы, але [і] стварыць нейкі сынтэз народнай мовы і ЦСЛ, аналягічны расейскаму і, у меншай ступені, украінскаму. На карысьць такога сынтэзу можна сказаць, што ён адлюстроўвае сучасныя рэаліі -- суіснаваньне беларускіх і ЦСЛ элемэнтаў у сьвядомасьці беларускамоўнага праваслаўнага. Супраць -- што ён адлюстроўвае іх крыва, паядноўваючы тое, што ў сьвядомасьці моўцы, прынамсі сучаснага і хоць мінімальна адукаванага, ужо трывала разьведзена. (Здаецца, у гэтай звычцы дыфэрэнцыяваць блізкія ідыёмы -- істотнае адрозьненьне паміж беларускай і расейскай моўнай сьвядомасьцю.)
Мова неабцаркоўлена, а перакладчыкі гэта ўспрымаюць як яе неўцаркоўленасьць.

no subject
Date: 2006-06-17 08:45 pm (UTC)