May. 9th, 2007

9.V

May. 9th, 2007 03:25 pm
miram: (Default)
Усіх -- з Днём перамогі.
miram: (Default)
У раньняй паэме Ўладзіміра Караткевіча "Слова пра чалавечнасьць" ёсьць такое месца. Дзея адбываецца на самым пачатку вайны; герой -- Рыгор Чаховіч, стары інтэлігент, выкладчык лаціны і гісторыі. Прайшла бамбёжка, цэлую ноч па вуліцах ідзе нямецкае войска, а тым часам --

Чалавек уначы не заплюшчыў вочы.
Ён пісаў пад танкаў фашысцкі[х] рык.
На паперу разам з бісерным почыркам
Вырываўся душы змардаванай крык.
Ён пісаў:
          "Сплывае дзіцячая вера.
Вера ў тое, што ў свеце знікнуць рабы...
Ў дзвесце семдзесят шостым па нашай эры
Цэзар Пробус варвараў дзікіх разбіў.
І Вапіскус Флавій пісаў пасля гэтага,
На вялікую радасць сваёй стараны,
Што цяпер, пасля перамогі светлай,
Больш ніколі на свеце не будзе вайны.
І цяпер, калі зноўку змрок надыходзіць,
[...]


(Уладзімір Караткевіч. Збор твораў. Мн., МЛ, 1987. С. 97. Упершыню: Уладзімір Караткевіч. Вячэрнія ветразі. Мн., Дзяржвыд БССР, 1960. С. 64-65. Памылку ў інтэрнэтным выданьні выпраўляю згодна з папяровымі.)

Гаворка пра імпэратара Марка Аўрэлія Валерыя Проба. Ён нарадзіўся ў 232 г. н.э. у Сірміі (тагачасны Сірмій цяпер -- Срэмска-Мітравіца ў Ваяводзіне), імпэратарам стаў, паводле маіх кніжак, якраз у 276 г., загінуў у 282 г. Перамогу, пра якую тут можа ісьці гаворка, сучасныя даведнікі датуюць 277 г. -- тады ён выгнаў з Галіі франкаў і алеманаў.

Ягоны біёграф, Flavius Vopiscus, жыў у канцы III -- пачатку IV ст. Жыцьцяпіс Проба ўваходзіць у збор Scriptores Historiae Augustae, дзе ўсяго 30 біяграфіяў рымскіх імпэратараў пяра розных аўтараў. У сеціве знайшоўся лацінскі тэкст Пробавага жыцьцяпісу і яго пераклады -- францускі (1847 г.) і расейскі. Прагноз, які герой Караткевіча прыпісвае Пробаваму біёграфу, насамрэч належыць самому імпэратару; ягоныя словы "неўзабаве нам жаўнеры будуць непатрэбныя" ("brevi [...] milites necessarios non habebimus", Probus XX:5), як пішуць, глыбока ўразілі сучасьнікаў і шмат кім потым цытаваліся. Вось гэты фрагмэнт (пад катам -- арыгінал і астатнія пераклады):

Зьдзейсьніўшы гэта, Проб пачаў быў рыхтавацца да пэрсідзкае вайны, калі, у дарозе праз Ілірык, яго па-змоўніцку забілі свае ж жаўнеры. Прычыны ягонага забойства былі такія: па-першае, ён не цярпеў, каб жаўнер быў нічым не заняты, і чыніў рукамі свайго войска багата працы, кажучы, што дармовага пайку салдат есьці не павінен. Да гэтага дадаліся такія словы, [якія прадвяшчалі войску] прыкрасьць, а дзяржаве, калі б спраўдзіліся, збавеньне: "Неўзабаве нам не спатрэбяцца жаўнеры". Што ж меў на думцы чалавек, які гэтак выславіўся? або ён не скарыў усе барбарскія народы і не абярнуў увесь сьвет ужо ў рымскі? "Неўзабаве, маўляў, нам жаўнеры ня будуць патрэбныя", інакш кажучы: рымлянін ужо ня будзе жаўнерам; над усім хутка будзе панаваць і ўсім валодаць дзяржава, якой нічога не пагражае, у цэлым сьвеце ня будуць ні вырабляць зброю, ні пастаўляць правіянт, быкоў будуць трымаць дзеля плугу, коні будуць нараджацца дзеля міру, ня будзе ні войнаў, ні палону, паўсюль мір, паўсюль рымскія законы, паўсюль нашыя судзьдзі.


LA, FR, RU: )

December 2025

S M T W T F S
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28 2930 31   

Style Credit

Expand Cut Tags

No cut tags
Page generated Jan. 3rd, 2026 08:12 am
Powered by Dreamwidth Studios