miram: (Default)
[personal profile] miram
Здаецца, некарэктна казаць "Л. перамог" альбо "Л. выйграў". Ня можа быць перамогі ці выйгранкі, калі гульня ў адны вароты. Але што ён тады зрабіў?

Дзяржаўны лад у краіне -- манархія *). Яна замаскаваная пад дэмакратыю і таму павінна пэрыядычна праводзіць рытуальныя дэмакратычныя працэдуры. Чарговая з такіх працэдур прайшла толькі што. Яе сэнс -- волевыяўленьне. Але не народнае, а індывідуальнае. Яно і зьдзейсьнілася.

Пры дэмакратычнай працэдуры спаборнічаюць меркаваньні і інтарэсы. У нашым выпадку спаборніцтва адбываецца таксама. Але не паміж меркаваньнямі і інтарэсамі, а паміж волямі і сіламі.

Таму, пакуль апазыцыя **) проціпастаўляе волі і сіле меркаваньні і інтарэсы, толку ад яе намаганьняў ня будзе. Байкот таксама ні да чога не прывядзе ***), бо гэта скрайні, але ўсё яшчэ дэмакратычны мэтад. Той, хто байкатуе, не выходзіць па-за межы дэмакратычнае парадыгмы.

Падобна, што з яе ўсё ж трэба выйсьці. Вярнуць страчаную дэмакратыю дэмакратычнымі ж мэтадамі немагчыма. (Апазыцыя чапляецца за іх, каб паказаць Захаду, што яна свая. Марнасьці ўдзелу ці няўдзелу ў выбарах, адзіны толк ад якіх -- нагода, каб паўгадзінкі легальна паагітаваць, здаецца, ня бачыць толькі самы наіўны.) Тады патрэбныя структуры, дзеяздольнасьць якіх не залежала б ад таго, легальныя яны ці нелегальныя, нават -- страшна сказаць -- маюць яны фінансаваньне ці ня маюць.

Без такіх структураў сэрбска-грузінскі сцэнар, на які, здаецца, ускладаюцца спадзяваньні, ня мае шанцаў. У такім сцэнары выбары граюць дапаможную ролю, выступаючы як нагода і каталізатар выступу.

У скрайнім градусе гэта азначала б пабудову альтэрнатыўнай квазідзяржаўнай структуры зьнізу. Таксама ня лішне праўдападобна. Хоць у сусьветнай гісторыі прэцэдэнты былі: напр., Палестына 1 паловы 20 ст.

А ці мы ўпэўненыя, што інстытуцыялізаваная апазыцыя хоча дэмакратычнага ладу?

*) магчыма, дакладней казаць пра "тыранію" ў грэцкім сэнсе слова tyrannis.

**) у шырокім сэнсе -- усе, хто жадае зьмены рэжыму. Дарэчы, вельмі мала гаворыцца пра тое, чаго, уласна, публіка хоча замест Л.

***) Прататып сучасных спробаў байкоту -- выбары ў Сярэдняй Літве генэрала Жалігоўскага ў 1922 годзе. Беларусы тады збайкатавалі выбары, а палякі -- не; так быў абраны сойм, які пастанавіў далучыцца да Польшчы. Аналагічныя падзеі разгарнуліся ў Вярхоўным Савеце, калі пасьля разгону дэпутатаў-галадоўшчыкаў Пазьняк заявіў, што парлямэнт, у які ўвайшло войска, -- ужо не парлямэнт, і засеў з калегамі галадаць на Карла Маркса, 38; застаўшыся без апазыцыйнага ціску, сам-насам з прэзыдэнтурай, чырвоны ВС у Доме ўраду хуценька зацьвердзіў усё, што ад яго патрабавалася, і на дэсэрт яшчэ вярнуў сьвяткаваньне 7 лістапада. А ці бывала так, каб байкот дасягаў нейкіх мэтаў, апрача чыста дэманстрацыйных?

Date: 2004-10-19 01:19 am (UTC)
From: [identity profile] miram.livejournal.com
1. У цябе праграма выжываньня. Яна жыцьцёва неабходная, але гэта толькі самы мінімум.

2. Пра эліту можна падрабязьней?

Date: 2004-10-19 07:35 am (UTC)
From: [identity profile] yarik.livejournal.com
2. Кажучы пра эліту, я думаю пра тых, каму будзе 30-37 гадоў праз дзесяць гадоў. Гэтае пакальеньне паступовы выцісьне старых саўкоў - латыпавых, лябедзек, вячорак і іншых.
Каб іх не згубіць, трэба канцэнтраваць і арганізоўваць актыўных маладых людзей і зьбіраць іх у розныя невялічкія праекты і гурткі. Скажам, я зараз займаюся арганізацыяў он-лайн часопіса маладых юрыстаў. На беларускай мове. Ініцыятыўнасьць і беларуская мова гэта на мой погляд ддзве асноўныя крытэрыі. Пры гэтым ўсё павінна рабіцца на высокім узроўні. Каб словы "прагрэсіўна", "сучасна", "якасна" і "па-беларуску" гучалі як сінонімы.

Date: 2004-10-20 11:45 pm (UTC)
From: [identity profile] miram.livejournal.com
Угу. Разрозьненыя меркаваньні.

1. Маем шанцы стварыць эліту без народу. (Або ўжо стварылі; чым дакажам, што наяўная белмоўная публіка -- эліта, а не маргіналы? Што разумеем пад элітай?)

2. Сетка дробных праектаў -- добра і слушна (прынамсі рэалістычна, натуральная форма для ўсяго, што grass-root)... падумалася пра вялікі праект. У сэнсе -- справа, на якую чалавек рэальна кладзе жыцьцё. І яе суадносіны з малымі. Але гэта ўжо зусім асобная тэма :)

3. А не пазнавата -- працаваць з 20-27-гадовымі? Яны ўжо досыць шмат у чым вызначыліся. А ёсьць цэлы аблог: дзеці і падлеткі. З імі ж, як я пагляджу, мала хто працуе ўвогуле, па-за абавязковай школай.

4. У часы перабудовы мяне ўразіў такі кантраст паміж украінскай і беларускай інтэлектуальнай сытуацыяй. Украінцы ўвесь паваенны час думалі пра ўкраінскую незалежнасьць і праектавалі яе. У іх была немалая літаратура пра тое, як будаваць самастойную дзяржаву. Пра гэта пісалі і ў эміграцыі (вольна), і на бацькаўшчыне (падпольна). Наколькі слушна і рэалістычна -- іншая рэч, але гэта было. У нас тым часам -- глуха. Як вынік, палітыка беларускай незалежнасьці нараджалася ў змаганьні ня столькі ідэяў, колькі інстынктаў. І, зноў жа як вынік, цяперашняя інстытуцыялізаваная апазыцыя... ат, ня трэба пры прыкрае. Такое ўражаньне, што ўсе прымаюць свае нэгатыўныя праграмы за пазытыўныя.

Date: 2004-10-21 11:07 am (UTC)
From: [identity profile] yarik.livejournal.com
1. Пад элітай я разумею тых, хто прымае рашэньні і задае моду - у палітыцы, культуры, праве і інш. Спрэс беларускамоўную эліту пры цяперашніх умовах стварыць не атрымаецца. Але пра-беларускую, пра-еўрапейскую, пра-дэмакратычную - цалкам рэалістычна.

2. Сапраўды, дробныя шматлікія праекты патрэбныя. Наконт майго вялікага праекта - ён называецца незалежная дэмакратычная Беларусь :). Усе маленькія праеткы ўкладваюцца ў гэты вялікі.

3. Я думаю найперш пра студэнтаў і аспірантаў. Дзеці і падлеткі гэта насамрэч вельмі важна, але нажаль асабіста я не гатовы і не падрыхтаваны гэтым займацца сур'ёзна. Аднак дапамагаць заўжды гатовы чым магу. Ці не запозна 20-гадовых? Мне здаецца, што не. Яны глытнулі трохі свабоды на пачатку 1990-х і таму ўжо ня трэба ўсё пачынаць з чыстага аркуша. Ізноў жа, менавіта 20-гадовыя стануць асноўным касьцяком дэсіжэн-мэйкераў праз 10-25 гадоў. Калі і тады ў Беларусь не стане нармалёвай краінай, то я пас. Але ўсё ж аптыміст :)


4. Кантраст насамрэч уражлівае. Мы сапраўды спазьняемся. Але скажу па сакрэце: "Беларусь, якой яна павінна быць" адзін з рэальных праектаў, для якога ўжо закладзены першапачатковы падмурак. Калі ёсьць жаданьне - магу пры сустрэчы ўвесьці ў курс, а потым можа будзе жаданьне далучыцца ;)

Date: 2004-10-21 11:35 pm (UTC)
From: [identity profile] miram.livejournal.com
1. У сярэдзіне 90-х была гісторыя з адным хлопцам, які завіхаўся каля палітыкі. Пераказваю з памяці, магу ў нечым памыліцца. Ён зьехаў у Маскву вучыцца; ажно яму тэлефануе нехта з Старэйшых Таварышаў і кажа: прыязджай, ты нам патрэбны, валім Луку, без цябе няўпраўка. Ён кідае ўнівэр, вяртаецца ў Менск -- і неўзабаве апынаецца на бабах: Масква страчана, у Менску нікуды ня возьмуць. У інтэрвію, здаецца, для "Імя" ці БДГ ён тады сказаў, што рэальна краінай будуць кіраваць тыя, хто зараз ціха вучыцца ў Акадэміі кіраваньня, на факультэце міжнародных адносін і г.д. Бо пакуль апазыцыянэр адкрычыць на мітынгу, ціхі студэнцік прачытае лішнюю кніжку. А пакуль адседзіць свае 15 сутак, -- то і цэлы стос.

2. Я разумеў пад "вялікім праектам" трохі іншае. У біёлага, скажам, такім праектам можа быць біялогія ў цэлым ці генная інжынэрыя ў прыватнасьці, альбо расшыфроўка геному якога-небудзь мураша. Якраз адданасьць свайму "вялікаму праекту" апраўдвае і абумоўлівае ягоны ад'езд куды-небудзь у Франкфурт ці Гарвард, бо там ён зможа ім займацца найлепш. У гэтым сэнсе "незалежная дэмакратычная Беларусь" -- "вялікі праект" для палітыка.

Дарэчы, што для цябе значыць "дэмакратычная"? а "незалежная"?

3. А што цяперашнія 10-гадовыя, якія тае свабоды не глынулі? Страчанае пакаленьне?

4. Пры сустрэчы з цікавасьцю паслухаю :)

Date: 2004-10-22 06:00 am (UTC)
From: [identity profile] yarik.livejournal.com
1. Я сам амаль як той хлопец. З той розьніцай, што вучыўся і працаваў ў Піцеры. Скажу па сакрэце, што шмат людзей нават ў Акадэміі кіраваньні супраць Л. Ці ведаеце, што на факультэце міжэнародных адносінаў (дзе мне даводзіцца часта бываць) не змаглі зрабіць нават адну нізавую ячэйку БРСМ? Прычына - не знайшлося нават 4 чалавек, якія захацелі б у яе ўвайсьці ;) Гэтыя студэнты - латэнтная апазіцыя, якая стане адкрытай, калі дарасьце да адпаведнага ўзроўню.

2. Я казаў пра свой праект як грамадзяніна. Ёсьць і іншыя праекты, у іншых сфэрах. Наконт дэмакратыі і незалежнасьці можна шмат разважаць і спрачацца. Але калі коратка пра маё разуменьне - дэмакрытыя і незалежнасьць у Еўрапейскім сэнсе. Правы чалавека, верхавенства закона, падзел уладаў, свабода прэсы і г.д.

3.Не страчанае, але хутчэй за ўсё не яны будуць мяняць рэжым у краіне. Замаладыя будуць у той час.

4. Можна сустрэцца. Калі сапраўды ёсьць жаданьне нешта рабіць.

Date: 2004-10-25 02:02 am (UTC)
From: [identity profile] miram.livejournal.com
1. Запраста. Адкрытай -- стане... альбо, наадварот, і апазыцыяй перастане быць. Залежна ад надвор'я.

2. Ясна збольшага... але толькі збольшага. Што робіць дэмакрат, калі народ яго не падтрымае ці нават слухаць не захоча?

3. Мэс'е аптыміст :)

4. "Хацець пачаць рабіць -- гэта дыягназ" (с) [livejournal.com profile] shupa Але гэта ўжо выходзіць за рамкі ЖЖ :)

Date: 2004-10-26 05:27 pm (UTC)
From: [identity profile] yarik.livejournal.com
1. гл. п.3
2. гл. п.3
3. быць песімістам зараз справа ня хітрая. але кожны адказвае за сябе сам. Перафразуючы: рабі тое, што лічыш патрэбным рабіць і няхай будзе так, як яно будзе.
4. рэфлексуючых на беларускую праблематыку ў вольны час у нас хапае. Але вось тых, хто гатовы выходзіць за рамкі ЖЖ, форумаў, кухняў еtc. і нешта канкрэтнае (няхай маленькае) рабіць, як заўжды бракуе...

Date: 2004-10-28 12:57 am (UTC)
From: [identity profile] miram.livejournal.com
BTW, што б ты сказаў на гэта (http://www.livejournal.com/community/minsk_by/90269.html)? (Ну і на гэта заадно (http://www.livejournal.com/users/miram/319201.html).)

December 2025

S M T W T F S
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28 2930 31   

Style Credit

Expand Cut Tags

No cut tags
Page generated Jan. 5th, 2026 06:51 am
Powered by Dreamwidth Studios