Oct. 19th, 2004

miram: (Default)
Беларускі ЖЖ рэагуе на абвал надзеяў істэрычна. Відаць, калі параўноўваць з вызваленчым рухам у Забраным Краі, у нас усё яшчэ рамантычны 1863 год, а пераход да пазытывізму -- наперадзе.

Эдвард Вайніловіч (найбольш вядомы сёньня як фундатар Чырвонага касьцёла ў Менску) падлеткам засьпеў яшчэ 1863 год і так успамінаў пра розьніцу паміж няўдалай тагачаснай спробай аднаўленьня дзяржавы і ўдалай -- на мяжы 20-х: у 1863 годзе рэй вялі жанчыны, яны стваралі і нішчылі рэпутацыі (хто патрыёт і змагар, а хто наадварот), яны дабраслаўлялі мужоў і сыноў на бой, вельмі рамантычна, драматычна і ўсё такое. Праз паўстагодзьдзя ўжо Пілсудзкі са сваімі легіянэрамі ў трубадураў ня гралі.

Паўстаньне, дарэчы, адбілася на лёсе Эдварда Вайніловіча, можа, лепш, як на чыім іншым. Ён рос у адной з найбагацейшых шляхецкіх сем'яў, і ягоная будучыня здавалася яснаю і пэўнаю. Ажно пачалося. Ягоныя бацькі і іншая радня калі не ўзяліся за зброю самі, то выказалі сваю пазыцыю на займаных імі пасадах. Паўстаньне здушана, пачынаецца, як цяпер кажуць, "зачыстка". У маёнтак Вайніловічаў заяўляецца расейскі ўраднік з ротай салдат і чамусьці папом; грозіць канфіскацыяй. Дарослыя былі недзе зьехаўшы, адзіны гаспадар -- 15-16-гадовы Эдвард. Ён глядзіць на гэтую навалу і пачынае разумець, што перад ім вымалёўваецца рэальная пэрспэктыва застацца голым і босым. А што ён умее, каб пражыць? Ад канфіскацыі бацькі неяк адбараніліся, але ў выніку гэтых падзеяў малады Эдвард пастанавіў, што пойдзе здабываць не юрыдычную адукацыю, як дагэтуль меркавалася, а інжынэрную: каб, калі што якое, мець рамяство ў руках. Ён аб'езьдзіў паў-Эўропы, вывучыў чыгуначную справу -- на той час апошняе слова тэхнікі, а ўрэшце прайшоў курс у сельскагаспадарчай акадэміі. Сельскай гаспадаркай далей і займаўся ўсё жыцьцё аж да самай рэвалюцыі, але гэта ўжо іншая гісторыя.
miram: (Default)
У 1988 годзе быў мітынг на Дзяды. Людзі сабраліся перад брамаю Маскоўскіх могілак; пасьля пары (?) сутычак з міліцыяй кінулі кліч, каб ісьці ў Курапаты. Я туды не пайшоў (і не пачуў, як Пазьняк абвяшчае пра ўтварэньне БНФу), а падаўся ад могілак дадому. На прыпынку нейкі дзед, таксама з мітынгу, падзяліўся са мною чуткаю: кажуць, узялі Быкава. (Потым аказалася, няпраўда.) Чутка гэтая пераказвалася з радасным узрушэньнем: Быкаў, як народны дэпутат СССР, валодаў недатыкальнасьцю, і арыштаваўшы яго, тутэйшая "Вандэя" моцна падстаўлялася б і наклікала б на сябе кары ня толькі мясцовага маштабу, а нават усесаюзнага -- з самой Масквы.

Гэта ўспомнілася, калі чытаў навіну пра Паўла Шарамета, як яго з Акрэсьціна завезьлі ў шпіталь з чэрапна-мазгавой траўмай.

December 2025

S M T W T F S
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28 2930 31   

Style Credit

Expand Cut Tags

No cut tags
Page generated Jan. 3rd, 2026 04:52 pm
Powered by Dreamwidth Studios